Самы багаты чалавек Украіны адмаўляецца ад свайго медыйнага бізнэсу
Украінскі мільярдэр Рынат Ахметаў, які шмат гадоў з'яўляецца найбагацейшым чалавекам Украіны, заявіў, што вымушаны вывесці сваю інвесткампанію SCM з медыйнага бізнэсу. На гэтым тыдні ягоная «Медыя Група Украіна» адмовіцца на карысць дзяржавы ад усіх эфірных ды спадарожнікавых тэлевізійных ліцэнзій сваіх каналаў і ліцэнзій друкаваных медыя ў Украіне. Таксама спыніцца дзейнасць анлайн-медыя гэтай карпарацыі, піша «Украінская праўда».
11.07.2022 / 19:14
Рынат Ахметаў
Па словах Ахметава, рашэнне прадыктавана ўступленнем у сілу закона «Аб прадухіленні пагроз нацыянальнай бяспекі, звязаных з празмерным уплывам асоб, якія маюць значную эканамічную і палітычную вагу ў грамадскім жыцці (алігархаў)».
Ахметаў падкрэсліў што «не быў, не з'яўляецца і не будзе алігархам». Але пры гэтым шасцімесячны тэрмін, вызначаны законам для продажу медыяактываў, а таксама расійская агрэсія супраць Украіны не даюць магчымасці SCM прадаць медыябізнэс на рынкавых умовах.
Мільярдэр нагадаў, што медыяхолдынг складаецца з 10 эфірных і спадарожнікавых тэлевізійных каналаў, інтэрнэт-рэсурсаў, друкаваных СМІ і сучаснай вытворчай медыйнай экасістэмы. Агульны аб'ём інвестыцый, укладзеных у яго, перавысіў 1,5 млрд даляраў.
У «Медыя групу Украіна» ўваходзяць:
- Нацыянальны эфірны тэлеканал «Украіна»;
- Забаўляльны моладзевы тэлеканал НЛА TV, тэматычны тэлеканал «Індыга TV»;
- Тэматычныя тэлеканалы «Футбол 1/2/3», таксама прадстаўлены і ў HD-версіі;
- Агульнанацыянальны інфармацыйны тэлеканал «Украіна 24»;
- Рэгіянальны «34 тэлеканал», аператар спадарожнікавага вяшчання Xtra TV, от-платформа OLL.TV;
- Міжнародныя каналы Ukraine 1, Ukriane 2, NLO TV 2;
- Прадакшн-кампаніі «Тэле пра», «Дапаможам ТБ»;
- Медыя-агенцтва поўнага цыклу «Медыя партнёрства Баінг»;
- Сайт segodnya.ua;
- Кросплатформавы праект Vogue UA.