Палітвязню Паўлу Аўчарову, асуджанаму да пяці гадоў калоніі, дадалі яшчэ паўтара года зняволення
Адміністрацыя шклоўскай калоніі №17, дзе Павел Аўчароў апошні год адбываў свой тэрмін, ініцыявала ўзбуджэнне супраць палітвязня крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 411 КК — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. У судзе Шклоўскага раёна 6 ліпеня суддзя Аляксандр Тараканаў прысудзіў Паўлу ў дадатак да пяці гадоў зняволення яшчэ паўтара года ў калоніі. Таксама Аўчарову змянілі рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі, паведмляе «Вясна».
13.07.2022 / 14:44
Паўла Аўчарова затрымалі 8 кастрычніка 2020 года ў межах крымінальнай справы, распачатай пасля акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года, калі ў Мінску прайшла інаўгурацыя Лукашэнкі. Супраць палітвязня, а таксама яго сябра Эміля Гусэйнава завялі справу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 363 (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў).
Аўчарова і Гусэйнава прызналі вінаватымі ў тым, што 23 верасня 2020 года яны заклікалі да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія загадзя былі спланаваныя пад выглядам масавых мерапрыемстваў, блакавалі камунікацыі. Гэта пацягнула парушэнне работы КТУП «Мінсктранс». Таксама яны нібыта «абмяжоўвалі права добрапрыстойных грамадзян на спакойны адпачынак і свабоднае перамяшчэнне», аказвалі супраціў супрацоўнікам МУС. Абодва мужчыны віну не прызналі. 20 траўня 2021 года Паўлу і Эмілю прысудзілі па 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Летам 2021 года Паўла накіравалі ў папраўчую калонію №17 у Шклове. Там супраць яго распачалі крымінальную справу па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). 6 ліпеня ў судзе Шклоўскага раёна Аўчарову прысудзілі яшчэ паўтара года зняволення і змянілі рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі.