«Сітуацыя не вельмі стабільная». Міністэрства гандлю растлумачыла, чаму засакрэцілі план па павышэнні цэн
У міністэрстве гандлю растлумачылі, як сёлета будуць прымацца рашэнні па росце тарыфаў і паслуг. У ведамстве тлумачаць, што планаваць дапушчальнае падаражанне ў гэтым годзе будуць з папраўкай на сітуацыю на ўнутраным і знешніх рынках, піша Zerkalo.
16.07.2022 / 11:23
Фота: mart.gov.by.
Чыноўнікі раней прыдумалі адмысловы «тарыфны сшытак», у якім распісваюць прыкладны графік і памер планаванага павелічэння кошту паслуг і тарыфаў. Але на гэты год такі дакумент не апублікавалі. У міністэрстве заявілі, што рабіць гэтага не плануюць. У ведамстве растлумачылі чаму і як будуць прымацца рашэнні аб дапушчальным росце цэн.
— «Тарыфны сшытак» у гэтым годзе не публікавалі з улікам таго, што на міжнародным і нашым рынку сітуацыя не вельмі стабільная. Тое, што планавалася ў канцы мінулага года, і тое, што адбываецца ў сярэдзіне гэтага, — знешнія фактары абсалютна адрозніваюцца. Таму дзейнічаем, зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца па кожнай паслузе, — патлумачыў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання Іван Вежнавец падчас жывой тэлефоннай лініі.
Спланаваць дапушчальны рост тарыфаў і цэн на паслугі ў міністэрстве не могуць з-за нестабільнай цэнавай дынамікі як на ўнутраным, так і на знешніх рынках, адзначыў намеснік кіраўніка міністэрства. Гэта тычыцца ў тым ліку кошту праезду ў грамадскім транспарце і цэн на навучанне, удакладніў прадстаўнік міністэрства, адказваючы на пытанне мінчанкі.