На «Куфры» ўкраінскую соль прадаюць ажно па 50 рублёў за 1,5 кілаграма — як з попытам?
«Наша Ніва» звярнула ўвагу, што на фоне цукровага ажыятажу ў сеціве з’явілася шмат прыватных абвестак і пра продаж солі — за вядомую павараную каменную соль украінскай вытворчасці просяць ад 40 да 50 рублёў за 1,5 кілаграма. Прадаўцы абгрунтоўваюць гэта тым, што «гэта найлепшая соль для саленняў».
19.07.2022 / 12:58
Карэспандэнт «Нашай Нівы» як фізічная асоба спытаў у прадаўцоў, ці ёсць на тавар з такімі коштамі попыт і ці магчымы торг.
Вось усяго некалькі аб'яў на «Куфры»
Прадаўцы абгрунтоўваюць такую цану на тавар тым, што ён стаў дэфіцытным: «у крамах яго няма». Але кажуць, што гандаль дарэчны. Праўда, калі мы прапанавалі ў размове 10 рублёў за пачак, нам адмовілі ва ўгодзе.
«Гэта проста дэфіцыт, у нас гэтай солі няма. А па 1,5 кілаграма тым больш», — патлумачыў прадавец.
Яшчэ адзін з прадаўцоў пагадзіўся прадаць апошні пачак за 10 рублёў, «не менш», але толькі таму, што ён застаўся адзін.
«Астатняе хутка разабралі, было 12 пачкаў», — распавёў мужчына, які апублікаваў аб'яву суткі таму.
Аўтар яшчэ адной аб'явы падзяліўся, што выклаў прапанову ў сеціва ў тры гадзіны ночы, а ўжо на 11 гадзін дня ў яго засталося 9 пачкаў з 15 — дэфіцытную соль разбіраюць па заяўленай цане — 50 рублёў за 1,5 кг.
Варта адзначыць, што кілаграм беларускай солі ад «Мазырсоль» пры гэтым каштуе ад 50 да 70 капеек. Салігорскую каменную соль першага памолу ў «Е-дастаўцы» можна набыць увогуле за 29 капеек.
Скрыншот: сайт e-dostavka.by
Праўда, у каментарах людзі скардзяцца: «Нармальная соль, але ў адсутнасць украінскай», «Памол драбнейшы, чым ва ўкраінскай солі, да якой мы прывыклі», «Украінская соль з Арцёмаўскага завода была лепшай».