Фэйкавы скрыншот? Як адна дэталь з расследавання пасадкі Ryanair ставіць пад сумнеў версію афіцыйнага Мінска
У дакладзе ICAO пра інцыдэнт з бортам, якім ляцеў Пратасевіч, апроч паказанняў дыспетчара, ёсць яшчэ адна важная дэталь. Гэта мэйлы, атрыманыя аэрапортамі.
20.07.2022 / 11:55
Кадр з відэа SkyNews
Згодна з інфармацыяй Дэпартамента па авіяцыі Беларусі, першае паведамленне аб пагрозе выбуху на борце было атрыманае 23 мая 2021 года ў 12:25 на электронную пошту info@airport.by.
Другое паведамленне на пошту мінскага аэрапорта, па іх словах, прыйшло ў 12:56, калі рэйс Ryanair FR4978 ужо пачаў зніжэнне для пасадкі ў Мінску.
Аднак расследаванне паказала іншую карцінку. З паштовага адраса, які нібыта скарыстаў «Хамас», у той дзень было адпраўлена шэсць паведамленняў. Чатыры амаль адначасова — у аэрапорты Вільні (12:25), Афін (12:26), Сафіі (12:27) і Бухарэста (12:28). У 12:34 такі ліст прыйшоў на імэйл аэрапорта ў Кіеве.
Адпраўка ліста ў аэрапорт Мінска зафіксаваная толькі ў 12:56 — амаль праз паўгадзіны пасля таго, як дыспетчар перадаў борту паведамленне аб магчымай пагрозе (дыспетчар паведаміў пра гэта экіпажу ў 12:30).
Што да першага ліста, які нібыта атрымліваў мінскі аэрапорт, то адзінае дакументальнае сведчанне яго існавання — скрыншот, перададзены Дэпартаментам па авіацыі. Іншыя звесткі ў электроннай пошце аэрапорта «не захаваліся».
Трэба адзначыць, што паколькі адпраўшчыкі карысталіся абароненай поштай Protonmail, то расследавальнікі не маглі бачыць змест паведамленняў — толькі час, у які яны дасылаліся на той ці іншы адрас. І ніякага ліста ў 12:25 зафіксавана не было.
Час у таймлайне прыведзены ў каардынатах UTC. Па Мінску гэта было 12 гадзін
Магчыма, інфармацыю пра бомбу Мінск атрымаў па тэлефоне ад калег з іншых аэрапортаў? Аднак Дэпартамент па авіяцыі адмовіўся перадаць для расследавання тэлефонныя размовы паміж работнікамі аэрапорта ў той дзень. Яны спаслаліся на артыкул 28 Канстытуцыі, якая гарантуе неўмяшанне ў асабістае жыццё і захоўвае тайну карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў.
Уліковы запіс карыстальніка, з якога разаслалі тыя лісты, быў створаны 14 мая 2021 года і апошні раз выкарыстоўваўся 25 мая таго ж года.
Дыспетчар паведаміў расследавальнікам, што неўзабаве пасля таго, як ён заступіў на дзяжурства і генеральны дырэктар «Белаэранавігацыі» ў суправаджэнні неўстаноўленай асобы ўвайшоў у працоўнае памяшканне пункта кіравання паветраным суднам, абмяркоўвалася пытанне аб наяўнасці бомбы на борце Ryanair і гаварылася, што самалёт павінен прызямліцца ў аэрапорце Мінска.
Гэтыя абмеркаванні мелі месца прыкладна ў 10:10 — гэта значыць, да вылету рэйсу з Афін.
Неўстаноўленая асоба — меркавана, супрацоўнік КДБ.
Што да самалёта МіГ-29, то ён быў падняты ў паветра ў 13:04, і ў 13:09 зрабіў пасадку. У паветры ён знаходзіўся на адлегласці 55 км ад самалёта. Аднак ніякай камунікацыі паміж пілотам знішчальніка і Ryanair не было. Расследаванне прыйшло да высновы, што МіГ-29 непасрэдна не датычны да пасадкі борта з Пратасевічам.