«Незадавальняючае пакрыццё». Чаму ў Мінску зніклі вядомыя графіці?
Нядаўна ў Мінску знішчылі мурал «Імгненнасць» гомельскага мастака Уладзя Хвастова (KHVST), які быў створаны пад мостам на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Бабруйскай і праіснаваў там з 2019 года. Да гэтага на сталічнай вуліцы Чыгуначнай быў зафарбаваны мурал аўтарства Міці Післяка. Выпадковасць ці заканамернасць?
26.07.2022 / 15:20
Фота: t.me/motolkohelp
У раённых адміністрацыях спачатку не маглі разабрацца, у каго на балансе мост, пад якім яшчэ нядаўно было графіці.
У выніку ў аддзеле гарадской гаспадаркі Кастрычніцкага раёна, куды мы патэлефанавалі як фізічная асоба, нам патлумачылі, што, раз графіці «Імгненнасць» знаходзіцца пад мастом, за той участак адказвае прадпрыемства «Гораўтамост». Там у сваю чаргу распавялі, што на аб’екце правялі рамонт:
«Рамонт звязаны з незадавальняльным пакрыццём».
Наконт таго, ці з’явіцца на тым месцы зноў нейкі малюнак ці застанецца голая сцяна, прадстаўнік прадпрыемства адказаў наступнае: «Гэта ўжо ўсё будзе ўзгадняцца ў адміністрацыі Маскоўскага раёна. І наколькі нам вядома, яны звязваліся з мастаком, каб ён аднавіў мурал, але той адмовіўся».
Пацвердзіць такую ініцыятыву ў адміністрацыі Маскоўскага раёна нам не ўдалося, але сам мастак Уладзь Хвастоў сказаў, што ніякіх падобных прапаноў яму не паступала.
«Не ведаю, каму яны пісалі, але ніякіх лістоў і прапаноў ад адміністрацыі мне не прыходзіла. Але планаў па абнаўленні ў мяне і няма. Гэта занадта працавыдаткоўна ва ўмовах падобнага стаўлення да прац, якія былі зроблены па папярэднім узгадненні».
Фота: суполка Vulica Brasil у фэйсбуку
Да таго, што мурал аднойчы сыдзе ў нябыт, Уладзь быў гатовы даўно: «Такія моманты не радуюць, але, улічваючы падобныя сітуацыі раней, спецыфіку нашага асяроддзя і не вельмі добры стан той сцяны ў самым пачатку працы — я падсвядома быў гатоў да такога», — пракаментаваў мастак «Нашай Ніве».
Як і «Імгненнасць» Уладзя Хвастова, мурал-нацюрморт Міці Післяка па вуліцы Чыгуначнай быў створаны ў рамках фэста Vulica Brasil — праўда, яшчэ раней, у 2017 годзе. Цяпер на яго месцы — шэрая сцяна з чырвона-зялёным сцягам у куце. Гарадскія ўлады адмовіліся каментаваць гэты выпадак па тэлефоне, прапанаваўшы напісаць афіцыйны зварот. Але лічыцца, што малюнак не падабаўся камусьці з мясцовых і на яго скардзіліся.
Мурал Міці Післяка да ліквідацыі. Фота: citydog.io
«Асобным чыноўнікам першапачаткова не падабаліся ўвогуле ўсе муралы, зробленыя ў межах Vulica Brasil», — кажуць абазнаныя крыніцы.
Працы Хвастова і Післяка — не першыя ў спісе мастацтва вуліц, якое Мінск згубіў. Жыхары вуліцы Рабкораўскай, 21 могуць згадаць сэрца на доме, намаляванае некалі аргенцінскім мастаком у межах Urban Myths, а жыхары Варанянскага 13/1 — «Чалавека без твару» аўтарства грэчаскага мастака iNO. На бетонным мосце каля стадыёна «Дынама» таксама некалі быў яркі мурал. І гэта толькі частка прыкладаў, якія цяпер засталіся толькі на фотаздымках.
Зафарбоўванне мурала «Чалавек без твару». Малюнак апынуўся ў дзясятцы лепшых вулічных графіці свету за кастрычнік 2015 года, але мінскай мастацкай камісіі ў выніку не спадабаўся. Фота: TUT.BY
Ва ўпраўленні культуры Мінгарвыкама адзначылі, што ўсе новыя муралы ў любым выпадку па афіцыйных правілах узгадняюцца мастацка-экспертнай радай па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Мінгарвыканкаме пасля этапу ўхвалення мясцовай адміністрацыяй і раённымі архітэктарамі. Праўда, калі гэты працэс запускаецца самімі ўладамі ці БРСМ, то рухаецца, відавочна, прасцей.
Так, нядаўна пад прыглядам ідэолагаў у Мінску з’явіліся графіці «Сімвалы маёй краіны» з валошкамі на фоне афіцыйнага чырвона-зялёнага сцяга і «Я памятаю, я ганаруся» ў памяць аб перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.
Фота: адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска