«Арыштавалі піяніна, якое мне купілі бацькі ў першым класе». У Дар’і і Ігара Лосікаў арыштавалі маёмасць
Каб выкупіць сваю маёмасць з-пад арышту, Ігар Лосік павінен атрымаць спецыяльны дазвол. Калі ён гэтага не зробіць, з дому могуць забраць нават чайнік, піша «Радыё Свабода».
27.07.2022 / 15:22
Журналіст «Свабоды» Ігар Лосік за кратамі ўжо больш за два гады — з 25 чэрвеня 2020-га. У снежні 2021-га Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязня ўжо перавялі ў Наваполацк, на месца пастаяннага зняволення. У сярэдзіне ліпеня дадому да Ігара ў Баранавічах зноў прыйшлі людзі ў форме.
«Гэта адбылося некалькі тыдняў таму, — расказала Дар’я Лосік. — Грукат у дзверы, дзве дзяўчыны ў форме. Сказалі мне, што я ўжо, напэўна, ведаю, хто яны такія і чаму яны прыйшлі. Я іх пусціла. Напэўна, спрачацца з імі і не пускаць — справа бессэнсоўная. Яны папярэдзілі, што могуць выклікаць міліцыю, калі я буду ім перашкаджаць. Усё ў найлепшых традыцыях было. Але дзеля справядлівасці скажу, што паводзілі сябе даволі ветліва. Нават вельмі ветліва. Бахілы надзелі».
Дар’я расказвае, што прыставы абышлі ўсе пакоі, шукаючы, што б можна было апісаць. Ігар і Дар’я даўно ў афіцыйным шлюбе, таму ўсё, што знаходзіцца ў кватэры, можа быць арыштаванае.
Сума нанесенай, паводле версіі суда, дзейнасцю Ігара Лосіка і іншых фігурантаў яго справы шкоды дзяржаве складае 2,5 мільёна рублёў і каля 130 тысяч рублёў судовых выдаткаў. Усе гэтыя грошы дзяржаўныя органы збіраюцца атрымаць з родных асуджаных. Супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання могуць прыйсці ў любы час без папярэджання.
«Арыштавалі тэлевізар, — працягвае Дар’я. — Піяніна таксама, хаця яго набылі бацькі яшчэ калі я пайшла ў першы клас. Але дакументаў аб яго набыцці ў мяне не было, таму яго таксама арыштавалі. Чайнік арыштавалі, камплект мэблі з люстрам. Усё, што было набытае ў шлюбе. Як адна з супрацоўніц АПВ мне патлумачыла, я магу выкупіць сваю маёмасць. Усю, альбо тую, якую захачу».
Каб выкупіць сваю арыштаваную дзяржавай маёмасць, Ігар Лосік павінен атрымаць дазвол у аддзеле прымусовага выканання. Пералічыць грошы на дзяржаўны рахунак можна будзе толькі пасля гэтага. Цяпер маёмасць Лосікаў арыштаваная, Дар’я не мае права нават ёй карыстацца.
«Нельга карыстацца, нельга перамяшчаць па кватэры, нельга ламаць, нельга з гэтымі прадметамі выконваць нейкія дзеянні, — расказвае Дар’я Лосік. — Мой чайнік цяпер пад хатнім арыштам. Кватэра, у якой мы цяпер жывём, з'яўляецца ўласнасцю маіх бацькоў. Яна па законе не мае ніякага дачынення да справы Ігара. Калі б гэта быў наш дом, то, як я разумею, яго таксама маглі б арыштаваць».
Арыштаваная ў Лосікаў маёмасць будзе выстаўленая на продаж у тым выпадку, калі Дар’я і Ігар не стануць яе выкупляць, альбо не атрымаюць дазволу на гэта. Фотаздымкі з тэлевізарам, чайнікам і іншай маёмасцю Лосікаў выставяць на сайце крамы канфіскату. Калі нехта захоча штосьці з арыштаванага набыць, Дар’і пазвоняць і раскажуць пра гэта.
«Частку з арыштаванага я хачу выкупіць, — кажа Дар’я Лосік. — Але рэшту, відаць, я ім аддам. Калі ім так патрэбна.
Акрамя гэтага, мне сказалі, што раз сума нанесенай шкоды вялікая, і ў кватэры ў мяне наўрад ці знойдзецца столькі маёмасці, то яны могуць хадзіць да мяне з нейкай перыядычнасцю і апісваць новую маёмасць. Гэта значыць, што калі я цяпер сабе нешта набуду сама, то гэта таксама могуць арыштаваць і потым забраць».
На мінулым тыдні Дар’я змагла зрабіць Ігару вялікую перадачу ў калонію вагой 50 кілаграмаў. Яе прынялі і цалкам перадалі. Акрамя гэтага, Ігар Лосік напісаў заяву на тэлефанаванне жонцы. Цяпер Дар’я чакае званка ад мужа ў любы момант. Наконт магчымага спаткання ў калоніі інфармацыі пакуль няма. Памяшканне для сустрэч па-ранейшаму на рамонце, у дадатак Ігара, як і іншых палітвязняў, могуць спаткання пазбавіць.
«Ігар піша, што ходзіць на працу ў атрадзе, — дадае Дар’я Лосік. — Лісты па-ранейшаму даходзяць толькі ад блізкіх родных. Усё па-старому».
Напісаць Ігару можна па адрасе ПК №1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8.