Затрымалі «злодзея ў законе» Кушнярова. Яго падазраюць у арганізацыі забойства
19 ліпеня затрымалі 56-гадовага «злодзея ў законе» Аляксандра Кушнярова (Кушнера). Яго абвінавачваюць у падрыхтоўцы заказнога забойства, паведамляе прэс-служба міліцыі. Але адносіны гэтага чалавека з ГУБАЗіКам няпростыя — раней яны самі звярталіся да яго з далікатнымі задачамі.
28.07.2022 / 09:01
Затрыманне было праведзенае пры падтрымцы «Алмаза». Паведамляецца, што Кушнярову паступіў заказ на забойства расійскага крымінальнага аўтарытэта і ўплывовага бізнэсмена Бадры Кагушвілі.
Кушняроў заняўся арганізацыяй замаху, пошукам выканаўцаў. Ён знайшоў пасрэдніка і выканаўцу злачынства, набыў рэвальвер з патронамі, перадаў іх змоўшчыкам. Частку сумы за выкананне замовы Кушняроў атрымаў «на рукі».
Пры затрыманні былі канфіскаваныя некалькі адзінак агнястрэльнай зброі і боепрыпасы. Распачатыя крымінальныя справы за падрыхтоўку да забойства і за незаконны абарот зброі і боепрыпасаў.
ГУБАЗіК дзейнічаў у партнёрстве з расійскім МУС.
Кушняроў — кілер гомельскай банды «марозаўцаў».
Сядзеў за крадзежы ў 1984-1992 гадах. Пасля вызвалення ўступіў у банду «марозаўцаў». Праз некалькі гадоў зноў арыштаваны, у 1995 годзе яго прысудзілі да смяротнага пакарання за забойствы. Потым суд замяніў прысуд на 15 год турмы, а ў выніку Кушняроў па амністыі выйшаў яшчэ раней, у 2008 годзе, і пачаў сцвярджацца ў крымінальным свеце Беларусі. Апроч таго, сядзеў у 2011, у 2012-2014 гадах.
За апошнія два гады ён неаднойчы затрымліваўся, але выходзіў.
Крыніцы: Крымінальнага аўтарытэта Кушнера, які з нажом аказваў супраціў пры затрыманні, адпусцілі. Імаверна, без крымінальнай справы
Характар работы ГУБАЗіКа з ім няясны. Вядома, што арыштаванага за хабары намесніка начальніка ГУБАЗіК Уладзіміра Ціхіню выпусцілі незадоўга перад выбарамі з мэтай уздзеяння на крыміналітэт краіны (тыя ведалі яго, бо ён адказваў за «аўтарытэтаў» у ГУБАЗіКу). Тыя павінны былі пад выглядам ганцоў ад «апазіцыі» пагражаць шэрагу вядомых у краіне бізнэсменаў, каб устрымаць іх ад сімпатый да Бабарыкі.
Адным з такіх людзей быў і Кушняроў, але дакладна не ясна, на колькі аддана ён выконваў гэтае даручэнне.