Расійскіх палонных ва Украіне ўтрымліваюць у лепшых умовах, чым беларусаў у лукашэнкаўскіх турмах ФОТА, ВІДЭА

Журналісты пабывалі ў лагеры, дзе ўтрымліваюцца ваеннапалонныя, якія ваявалі супраць Украіны. «Экскурсія» выклікала неадназначныя адчуванні.

28.07.2022 / 17:34

У лагеры ўсё пад узмоцненым кантролем

Лагер для ваеннапалонных

Бардзюры беленькія, таму што «ёсць каму бяліць»

Першае, што проста ўядаецца ў вочы — занадта белыя бардзюры. На тэрыторыі сапраўды досыць чыста, парадныя бардзюры паказальна пабеленыя, што з аднаго боку быццам бы і добра, а з другога, патыхае «саўковым».

Журналісты жартуюць:

— Чаму бардзюры такія белыя?

— Таму што ёсць каму бяліць!

Разам з намеснікам міністра юстыцыі Аленай Высоцкай, якая па сутнасці з'яўляецца куратарам устаноў выканання крымінальных пакаранняў і прабацыі, журналісты аглядаюць прыёмнае аддзяленне. Нічога дзіўнага — выдача адзення, душавыя пакоі, цырульня (па жаданні). Насупраць прыёмнага будынка ёсць невялікая капліца, святара не заспелі, аднак у сярэднім раз на тыдзень ён з'яўляецца там для размоваў з палоннымі.

У каранціне зтрымліваюцца некалькі дзён

Пасля прыёму палонны трапляе ў каранцін — звычайны пакой на 10—12 ложкаў, дзе ён знаходзіцца два тыдні.

«За гэты час знаёмімся з палонным, вывучаем яго псіхалагічныя асаблівасці, правяраем наяўнасць інфекцыйных і іншых хвароб», — кажа кіраўнік установы.

Палонныя жывуць у пакоі на 10-15 чалавек

Ёсць нават свой агарод

Зубы, рэнтген і нават УГД

Медыцынская частка — гонар лагера. Там ёсць і УГД, і сучасны рэнтген-кабінет, і нават стаматалогія. Высоцкая абавязкова нагадвае, што палонныя ўтрымліваюцца згодна з умовамі Жэнеўскай канвенцыі.

УГД

Стаматалагічны кабінет

Сучаснае рэнтген-абсталяванне

«Мы іх павінны ўтрымліваць ва ўмовах, якія адпаведныя вайсковым. Харчаванне, бытавыя ўмовы, медыцына», — кажа намеснік міністра. Яна ўдакладняе, што ўтрыманне аднаго палоннага каштуе дзяржаве прыкладна 3 тысячы грывень. 

«Утрыманне ваеннапалонных мае сваю спецыфіку», — кажа падчас размовы тэт-а-тэт намеснік міністра.

«Лагістычна большасць ваеннапалонных знаходзяцца бліжэй да лініі фронту, паколькі так іх можна хутчэй абмяняць і няма сэнсу вазіць туды-сюды», — тлумачыць Высоцкая.

Пытаюся, ці сапраўды людзей чачэнскай нацыянальнасці абменьваюць значна хутчэй.

«Існуе пэўная «іерархія» адносна абменаў. Мы бачым, што як толькі асобы гэтай нацыянальнасці трапляюць у палон, то тут жа паступае запыт на іх абмен. Тыдзень-паўтара і іх мяняюць. Далей цікавасць для ворага прадстаўляюць расійскія афіцэры — і чым вышэй, тым лепш. Шараговых расійцаў таксама мяняюць, але калі для нас кожнае жыццё нашага ваяра важнае, то акупант ставіцца інакш», — сцвярджае Алена Высоцкая.

Дно гэтай «іерархіі» — мабілізаваныя так званых «ДНР» і «ЛНР» — іх лёс расейцаў наогул не цікавіць. Яны іх выкарыстоўваюць як гарматнае мяса, а далей спісваюць» —падкрэслівае намеснік міністра.

У вытворчай зоне сустракаем групу рабочых з ліку ваеннапалонных. Частка вырабляе паддоны, частка клеіць пакеты. Не спяшаюцца — ім спяшацца няма куды. З тымі палоннымі, якія знаходзяцца пад следствам, размаўляць не маем права. Аднак размаўляем з двума «вайскоўцамі ЛНР».

— Што адбываецца ва Украіне?

— Вайна. Дрэнна, але гэта вайна.

— Чаму Расія забівае мірных жыхароў? Пасля абстрэлаў Вінніцы загінулі дзеці, жанчыны.

— Яны страляюць ракетамі, а куды ўжо яно патрапіць.

— Як трапілі ў фармаванні т. зв. «ЛНР»?

— Так склаліся абставіны.

Свой удзел у вайне тлумачаць «абставінамі». Адзін з іх кажа, што нават не страляў, а быў кіроўцам цягача для тэхнікі. Іншы прызнаецца, што ў баявых дзеяннях удзельнічаў, аднак стаяў нібыта ў другой лініі наступу.

— Навіны глядзіце?

— Так, украінскае тэлебачанне.

— Што вы думаеце аб тым, што з сакавіка вас не абмянялі? 

— Мы ж не ведаем, яны ўключаюць нас у спісы (на абмен) ці не. Ёсць надзея. Прайшло не так шмат часу.

Абодва прызнаюцца, што хочуць дадому і чакаюць абмену. Алена Высоцкая настойвае, што такіх людзей ў такіх лагерах шмат, іх не спяшаюцца абменьваць. «Некаторыя сябе так камфортна адчуваюць, што мараць нават перавезці сям'ю бліжэй», — кажа Высоцкая.

Чыноўніца проста кажа, што пасля заканчэння вайны ва Украіны будзе яшчэ адна праблема, якую трэба будзе вырашыць — што рабіць з гэтымі палоннымі. Яны атрымліваюць прысуды, адседзяць і, калі іх не абмяняюць, выйдуць на волю.

«Камфорт» за грошы ахвяры агрэсіі

Што ж такога «камфортнага» можа быць у турме? Рэжым дня, трохразовае харчаванне, доступ да тэлебачання і спартыўнай пляцоўкі (у лагеры ёсць свой стадыён). Спальныя месцы ў цяпле. Пасля лютаўска-сакавіцкіх заснежаных акопаў, куль і галоднага пайка гэта для многіх сапраўды выратаванне. Некаторыя з палонных нават мелі магчымасць патэлефанаваць дадому.

Харчуюцца палонныя таксама, як і афіцэры ўкраінскай арміі

У лагеры ёсць спартпляцоўка

І нават поле для футбола

«Вайна — вельмі несправядлівая штука. Але мы павінны ўтрымліваць іх (ваеннапалонных) ва ўмовах, прадугледжаных жэнеўскай канвенцыяй. З надзеяй, што да нашых абаронцаў будуць ставіцца гэтак жа. Дзесьці, магчыма, ім (украінскім ваеннапалонным) дадуць лішнюю бутэльку вады і гэта выратуе ім жыццё. Кожны наш герой патрэбны нам жывым і на волі», — кажа намеснік міністра.

Дакладную колькасць асоб, якія ўтрымліваюцца ў палоне, яна не ўдакладняе, акцэнтуючы, што вораг можа «для колькасці» схапіць на акупаваных тэрыторыях людзей з мірных жыхароў.

Глядзіце таксама:

Як беларусаў катуюць на Акрэсціна — сведчанні зняволеных, экс-супрацоўніка ІЧУ, развагі гісторыка ў фільме «НН»

«У гэтай краіне чалавек нічога не значыць. Цябе няма, ты матэрыял, кавалак мяса». Дацэнт, якая прайшла Акрэсціна і Магілёў, расказала пра вытанчаныя спосабы катавання

Nashaniva.com