Што вядома пра падлетка, якога адправілі ў калонію за тое, што зняў на відэа расійскую тэхніку?
18-гадовага Паўла Піскуна абвінацілі ў тым, што ён зняў на мабільны тэлефон расійскую вайсковую тэхніку і даслаў відэа ў «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал. За гэта яму прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі. Даведаліся больш пра гэтага хлопца.
06.08.2022 / 21:00
Павел Піскун. Фота: сацсеткі
Павел з Мазыра, вучыўся ў Нараўлянскім прафесійным ліцэі. Яму заставалася літаральна 3—4 месяцы да выпуску.
Ягоным хобі быў спорт. Хлопец з дзяцінства займаўся рознымі відамі спорту: вольнай барацьбой, веславаннем. Год адвучыўся ў школе алімпійскага рэзерву. Апошнім часам захапляўся паўэрліфцінгам, жымам штангі лежачы, і ездзіў на спаборніцтвы.
«У яго быў скаліёз, таму ён далей не здолеў займацца спортам прафесійна, хоць марыў прабіцца», — расказвае сябра Паўла.
Павел у спартовай залі. Фота: сацсеткі
Сям'я самая звычайная, двое дзяцей — Павел і старэйшая сястра, якая вучыцца ў Мінску. Знаёмыя пра яго добра адгукаюцца.
«Раней ніякіх праблемаў з законам ён не меў. У школе Паша не надта шмат часу прысвячаў вучобе, але ўжо ў ліцэі добра сябе зарэкамендаваў і падняў сярэдні бал ледзь не ўдвая — ён стаў вышэйшым за 8 балаў.
Як яго знайшлі — незразумела. Ён кідаў фота ў нейкі бот», — згадвае сябар.
Затрымалі Паўла 8 сакавіка. Яны сям'ёй адзначалі свята, Паша з дзяўчынай пайшлі гуляць. Але каля першай гадзіны дзяўчына пачала біць трывогу — Паша пайшоў сустрэцца з сябрам і знік.
«Усе адразу зразумелі, нешта не так, бо Паша заўжды быў на сувязі і адказна да гэтага ставіцца. Яго пачалі шукаць, абзвоньваць усе інстанцыі. А каля восьмай сваякам патэліла міліцыя і сказала, што ён затрыманы.
Павел Піскун. Фота: сацсеткі
Канешне, для ўсіх гэта быў шок. Сям'і было вельмі цяжка, сястра нават на месяц засталася ў Мазыры з бацькамі.
Маці казала, што падчас першага сумеснага допыту ў ягоных вачах быў бачны страх. Бо ён не ведаў, што з сям'ёй — ён жа нікуды не ўлазіў раней, а тут ён у РАУСе па крымінальнай справе», — дзеліцца сябра хлопца.
Спачатку сям'і сказалі, што праз дзень у ІЧУ Паша паедзе дадому. Але яго не адпусцілі.
На падлетка завялі крымінальную справу па ч.1 і ч.2 артыкула 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
На судзе, кажуць знаёмыя, хлопец трымаўся ветліва і мужна.
«У апошнім слове Паша напачатку папрасіў прабачэння ў сям'і. Сказаў, што не хацеў нікому нанесці шкоды, а праз яго ім давялося шмат адпакутаваць. Выбачаўся, што ён у клетцы, а не на трыбуне, дзе яго ўзнагароджваюць за спаборніцтвы. Агулам ён вельмі перажывае, што падвёў сям'ю.
Дзяўчына не адвярнулася ад яго, дапамагала сям'і, заўжды была з імі. Калі ён бачыў яе на судзе, у яго вочы гарэлі».
Павел Піскун. Фота: сацсеткі
У лістах хлопец піша, што шкадуе, што замала часу праводзіў з сям'ёй, не паспеў многае абмеркаваць з імі.
Адрас для лістоў:
Піскун Павел Ігаравіч, 2004 года нараджэння. СІЗА-3, г. Гомель, вул. Кніжная 1А, 246003.