У беларускіх універсітэтах уводзяць новы абавязковы прадмет. У спісе літаратуры да вывучэння — расійскі радыкальны філосаф
З гэтага навучальнага года абавязковай дысцыплінай ва ўсіх ВНУ Беларусі будзе «Сучасная палітэканомія». Дысцыпліну пад такой назвай выкладалі ў Савецкім Саюзе.
11.08.2022 / 12:03
Вось што пазначана пра новаўвядзенне ў загадзе Міністэрства адукацыі.
«Навучальная дысцыпліна «Сучасная палітэканомія» забяспечвае фарміраванне наступнай універсальнай кампетэнцыі: «Валодаць здольнасцю аналізаваць эканамічную сістэму грамадства ў яе дынаміцы, законы яе функцыянавання і развіцця для разумення фактараў узнікнення і напрамкаў развіцця сучасных сацыяльна-эканамічных сістэм, іх здольнасці задавальняць патрэбнасці людзей, выяўляць фактары і механізмы палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, выкарыстоўваць інструменты эканамічнага аналізу для ацэнкі палітычнага працэсу прыняцця эканамічных рашэнняў і выніковасці эканамічнай палітыкі».
Скрын з загада Міністэрства адукацыі
Вучэбны план дысцыпліны ўключае модуль «Гепалітыка і геаэканоміка». У тым ліку на геапалітыку адведзена 12 гадзін.
Эксперт Грамадскага Балонскага камітэта Павел Церашковіч патлумачыў, чаму гэта небяспечна і якія ідэі нясе такая дысцыпліна.
«У спісе абавязковай літаратуры там ёсць вялікая колькасць твораў расійскага філосафа Аляксандра Дугіна, які прытрымліваецца радыкальных поглядаў, вельмі часта яго ўвогуле называюць фашыстам.
Ён яшчэ ў 2014 годзе казаў пра ўкраінцаў: «І я думаю забіваць, забіваць і забіваць. Больш ніякіх размоў не павінна быць. Як прафесар я так лічу».
Павел Церашковіч
Трэба падкрэсліць, што на сёння пра геапалітыку па-за межамі постсавецкай прасторы амаль ніхто ўжо не памятае.
Такая дысцыпліна была папулярная ў канцы 19 стагоддзя і ў міжваенны час. Пазней да яе ставіліся як да спекулятыўнай псеўданавукі.
Але вось менавіта Аляксандр Дугін быў той асобай, якая яшчэ ў 1990-я сказала, што гэты прадмет павінен быць абавязковым ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Расіі. Дарэчы, ён дамогся ў канцы 1990-х таго, што стаў лектарам Акадэміі Генеральнага Штабу Узброеных Сіл Расіі. І сёння цалкам магчыма, што яго вучні ажыцяўляюць агрэсію ва Украіне», — кажа Павел.
Эксперт адзначае, што геапалітыка ў Расіі ў асноўным грунтуецца на інтэрпрэтацыі твораў трох навукоўцаў.
«Фрыдрых Ратцэль, нямецкі даследчык, які лічыцца стваральнікам гэтай дысцыпліны, у Германіі, сцвярджаў, што дзяржава гэта не сацыяльная з’ява, а біялагічная. Яна падобная да жывёльнай істоты. Кожная з іх імкнецца пашырыць прастору свайго існавання. Ён лічыў, што да гэтага імкнецца кожная дзяржава, таму сутыкненні, становішча вайны паміж рознымі дзяржавамі непазбежныя і абсалютна натуральныя.
Другі даследчык — брытанскі навуковец Хэлфард Макіндэр. Ён падзяляў дзяржавы на тэлуракратыі і таласакратыі. Першае — гэта краіны, якія знаходзіцца ў глыбіні сушы, другое — на ўзбярэжжы мораў. Там, дзе пануе тэлуракратыя, немагчымая дэмакратыя ў прынцыпе. А таласакратыі на ўзбярэжжы, займаюцца гандлем — значыць тут дэмакратыя магчыма.
Галоўная ідэя — сутыкнення паміж гэтымі дзвюма цывілізацыямі пазбегнуць нельга. Той, хто кантралюе цэнтральную частку Еўразіі, так званы хартлэнд, кіруе ўсім светам. Ключ да гэтай цэнтральнай часткі — Усходняя Еўропа. Зразумела, што ў яе склад уваходзіць Беларусь і Украіна.
І трэці даследчык — Карл Хаўсхофер — развіваў ідэі Фрыдрыха Ратцэля ў міжваенны час, заснаваў інстытут геапалітыкі ў Германіі. Ідэю жыццёвай прасторы ён давеў да таго, што немцы павінны яе пашыраць. Лічыў, што ў Германіі вялікая колькасць насельніцтва, а на Усходзе шчыльнасць маленькая, таму трэба рушыцца ў той бок.
Вучнем Хаўсхофера быў Рудальф Гес, асоба нумар два ў нацысцкай партыі. Калі Гес апынуўся ў вязніцы пасля Піўнога путчу ў Мюнхене разам з Гітлерам, Хаўсхофер хадзіў да іх і чытаў ім лекцыі», — расказвае ён.
Пасля Другой сусветнай вайны працы Хаўсхофера нідзе не друкаваліся, апроч сучаснай Расіі.
«За апошнія дваццаць гадоў у Расіі было выдадзена 48 універсітэцкіх падручнікаў па геапалытыцы. У Беларусі яны таксама ёсць, вельмі часта яны тэкстуальна супадаюць з тэкстамі Аляксандра Дугіна.
Геапалітыка прывучае да думкі, што краіны, якія размешчаны ў глыбіні матэрыка не могуць быць дэмакратычнымі, яны вымушаны быць аўтакратыямі. Прадмет прывучае людзей, якія яго вывучаюць, што вайна — гэта адзіны спосаб узаемаадносінаў паміж дзяржавамі. Дысцыпліна зацягвае ў ідэалогію рускага свету, якая на самой справе служыць ідэалогіі апраўдання вайны», — тлумачыць ён.
Павел упэўнены, што студэнты не здольныя крытычна ставіцца да ідэй, якія нясе геапалітыка, калі гэта не зробіць выкладчык.
«Ёсць спакуса, што чалавек, які праслухаў лекцыю, пасля яе ўяўляе сябе сусветным стратэгам. На якім курсе, гэта будуць выкладаць, залежыць ад вучэбнага плану. У кожнай праграме па-рознаму.
Навошта ўводзяць такую дысцыпліну? Абсалютна відавочна, што гэта шлях да ідэалагізацыі вышэйшый адукацыі і прывязкі Беларусі да рускага свету», — падсумоўвае Павел.