Ніякай бяссонніцы: прапануем метад, з якім вы можаце заснуць за хвіліну
Здаецца, з кожным такое бывала: вы ляжыце ў ложку, глядзіце ў столь і ніяк не можаце заснуць. На шчасце, ёсць шмат спосабаў, як даць рады такому стану, і адзін з іх мы вам сёння прапануем.
11.08.2022 / 12:46
Фота: pixabay.com
Бяссонніца можа здарацца эпізадычна, а можа ператварацца ў пастаянную праблему. У асноўным яна выглядае так: вы кладзяцеся спаць, але сон доўга не прыходзіць, піша ofeminin.pl.
У выніку вы позна засынаеце, а раніцай вам цяжка ўстаць своечасова. Гэта прыводзіць да недахопу энергіі і пагаршэння самаадчування, а таксама да таго, што ў найменш жаданы момант узнікае дрымотнасць. Пасля дня, праведзенага такім чынам, зноў бывае цяжка заснуць, у гэты раз праз стомленасць.
Але ж ёсць розныя метады, якія дапамагаюць справіцца з бяссонніцай. Напрыклад, вы можаце паспрабаваць метад дыхальнай практыкі 4-7-8. Яго аўтар — доктар Эндру Вэйл з Гарвардскага ўніверсітэта, які натхняўся старажытнай тэхнікай кантролю дыхання — пранаямай. Навуковец кажа, што рэгулярнае ўжыванне гэтага метаду дапамагае засынаць хутка і проста.
Перад тым, як укладвацца спаць, праветрыце пакой, прыглушыце святло і выключыце, калі гэта магчыма, гук на тэлефоне. Усё, што вы бачыце вакол сябе, павінна дапамагаць вам настроіцца на спакойны адпачынак. Потым кладзіцеся ў ложак і выконвайце наступныя дзеянні:
1) Прыміце на ложку такое становішча, якое дазваляе свабодна дыхаць.
2) Заплюшчыце вочы і ўпрыцеся кончыкам языка ў паднябенне за зубамі. Трымайце там язык на працягу ўсёй дыхальнай практыкі.
3) Удыхайце праз нос на працягу 4 секунд, потым затрымайце дыханне на 7 секунд і выдыхайце на працягу 8 секунд. Выканайце да 4 такіх цыклаў дыхання.
Метад 4-7-8 дапамагае расслабіцца, бо падчас практыкі вы засяроджваецеся на дыханні, і гэта адцягвае вашу ўвагу ад паўсядзённага жыцця. Такая практыка змякчае наступствы стрэсу, добра насычае цела кіслародам і дапамагае хутчэй заснуць.
Стваральнік метаду рэкамендуе практыкаваць яго рэгулярна, не менш за 2 разы на тыдзень. Спачатку ён можа не прынесці бачных вынікаў, але з часам вы дакладна будзеце засынаць хутчэй і лягчэй.