«Можна проста пячы булкі». Высокапастаўлены выканаўца рэпрэсій увераваў у Бога і сышоў з міліцыі
Максім Грышчанка быў вядомы сваёй роллю ў падаўленні народа з 2000-х. Аднак у 2021-м палкоўнік выйшаў з сістэмы, адкрыў ІП і заняўся высакароднай справай — пячэ хлеб. Таксама ён навярнуўся ў пратэстанцтва і змяніў імідж.
16.08.2022 / 20:25
Грышчанка, тады яшчэ маёр, на разгоне маўклівых пратэстаў у Мінску ў 2011 годзе. Фота: Антон Матолька
Невыразны мужчына ў цёмных касцюмах і куртках, часта ў кепачцы і з рацыяй, Грышчанка нязменна кіраваў арыштамі дэманстрантаў у Мінску яшчэ з 2000-х.
Ён аддаваў загады на «вінцілава» і сам прыкладаўся. Так, ён нагамі біў фатографку Юлію Дарашкевіч.
Грышчанка дабыў на службе да падзей 2020-га. Яго апошняя пасада — намеснік сумнавядомага Ігара Падвойскага, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама.
Але з Грышчанкам нешта здарылася.
Напачатку 2021-га ён, як стала вядома «Нашай Ніве», сышоў з карнага апарата ў іншую сферу. Адкрыў ІП і стаў пячы хлеб!
Разам з гэтым 46-гадовы адстаўнік кардынальна змяніў імідж.
Што прымусіла некалі «галоўнага па падаўленні нязгодных у Мінску» сысці з сістэмы ў разгар рэпрэсій — на пачатку 2021-га?
Сам Грышчанка «Нашай Ніве» нічога не адказаў.
Але здагадку выказаў яго былы калега.
«У многіх людзей у жыцці наступае момант, калі ён азіраецца, ацэньвае, як ён жыў і што зрабіў, крытычна пераацэньвае сваю дзейнасць і каштоўнасці. Вось у Грышчанкі, мне здаецца, адбылася такая пераацэнка каштоўнасцяў.
Ëн прыйшоў у пратэстанцкую царкву. Але я не ведаю што тут першаснае — адмова ад ролі карніка як вынік уплыву рэлігіі ці рэлігія як вынік адмовы ад лёсу карніка. Ëн мог бы заставацца ў сістэме і мучыць беларусаў далей, — кажа яго былы калега. — Я рады за яго, што ён знайшоў гармонію і падае іншым прыклад, што можна зарабляць не толькі саўдзелам у арыштах і сачэнні. Можна проста пячы булкі», — пракаментаваў чалавек, які служыў з Грышчанкам.
Дапоўніць тэму або паведаміць навіну можна наўпрост аўтару па бяспечным кантакце ў тэлеграм @artsiom_harbatsevich або на мэйл a.harbatsevich@gmail.com