Як працягнуць жыццё свайму старому смартфону, каб не купляць новы?
Сезон абнаўленняў лінеек афіцыйна распачаўся. Samsung на днях прэзентавала свае новыя гнуткія тэлефоны серыі Fold, у верасні чакаецца прэзентацыя навінак ад Apple, пасля чаго Google выпусціць новы Pixel. Але прылады, якія гэтыя тэхналагічныя гіганты прадавалі нам апошнія некалькі гадоў, па-ранейшаму добрыя. А вось звычка даўжэй карыстацца старымі тэлефонамі прыносіць карысць не толькі нашым кашалькам, але і навакольнаму асяроддзю, піша WSJ.
16.08.2022 / 12:48
Фота: Wired.
Безумоўна, калі ваш тэлефон у дрэнным стане ці працуе на аперацыйнай сістэме, падтрымка якой скончылася, вам варта купіць новы. Але калі вашаму тэлефону менш за пяць гадоў і ён усё яшчэ спраўляецца са сваімі функцыямі, вы можаце павялічыць хуткасць яго дзеяння і падоўжыць тэрмін службы з дапамогай гэтых чатырох парад.
Парада 1: Праверце абнаўленне праграмнага забеспячэння
Па традыцыі ўвосень выходзяць апошнія версіі праграмнага забеспячэння iOS ад Apple і Android ад Google. Пасля абнаўлення вашы прылады будуць адчуваць сябе навейшымі, абнаўленні палепшаць бяспеку і выправяць сістэмныя памылкі.
- У мадэлях iPhone: цяпер iPhone 6S (выпушчаны ў 2015 г.) і больш новыя падтрымліваюць абнаўленне да апошняй версіі iOS 15.6. Аднак iOS 16, якая павінна выйсці ў верасні гэтага года з некаторымі новымі функцыямі, не магчыма будзе ўсталяваць на старыя мадэлі. Яе атрымаюць толькі iPhone 8 (выпушчаны ў 2017 годзе) і навейшыя.
- У мадэлях Android: Праверце ў наладах, ці ёсць магчымасць абнавіць сваю версію Android. Абнаўленні сістэмы і бяспекі на прыладах Samsung падтрымліваюцца тры гады (Galaxy S20 і старэйшыя) або чатыры гады (ад Galaxy S21 і навейшых). Для карыстальнікаў Pixel ад Google ёсць свая сістэма абнаўленняў.
Парада 2: Перагледзьце свой спосаб зараджаць тэлефон
Калі ў вас пашкоджаны або сапсаваны кабель зарадкі, замяніце яго. Зарадная прылада атрымлівае вялікую нагрузку — шматразовае выкарыстанне, перагібанне проваду, пастаяннае тузанне. Новая зарадка ад вытворцы зможа зараджаць ваш смартфон больш эфектыўна і бяспечна. Звярніце ўвагу на функцыю бесправадной зарадкі, калі ў вашым тэлефоне такая ёсць, так ваш тэлефон хоць і будзе зараджацца павольней, але гэта паменшыць нагрузку на батарэю і сам апарат.
Літый-іонныя акумулятары — тыя, якія ёсць у вашым тэлефоне і большасці іншай электронікі — з часам губляюць свойства трымаць зарад, а спосаб зарадкі або выкарыстання акумулятара можа запаволіць гэты працэс. Калі вы пастаянна зараджаеце ваш акумулятар да 100% або выкарыстоўваеце тэлефон з зарадам ніжэй за 15%, то гэта не спрыяе «здароўю» батарэі. Многія тэлефоны цяпер маюць налады, каб маніторыць і павялічваць час аўтаномнай работы.
- У мадэлях iPhone: перайдзіце ў раздзел Налады > Акумулятар, затым уключыце функцыю аптымізаванай зарадкі акумулятара, каб запаволіць яго старэнне.
- У мадэлях Samsung: перайдзіце ў Налады > Дагляд прылады > Аптымізаваць зараз.
Парада 3: Як павялічыць хуткасць
Запаволенае функцыянаванне прылады можа быць наступствам старэння батарэі. У 2017 годзе Apple заявіла, што наўмысна знізіла хуткасць тэлефонаў са старымі батарэямі, каб прадухіліць нечаканае выключэнне прылады. Як правіла, акумулятары пачынаюць дэманстраваць зніжэнне ёмістасці праз два-тры гады, або прыкладна праз 500 зарадак. Выхадам можа стаць замена батарэі. Для таго, каб убачыць цяперашні аб’ём вашай батарэі і параўнаць яго з заяўленым пры пакупцы, патрэбна:
- У мадэлях iPhone: перайдзіце ў Налады > Акумулятар > Стан батарэі.
- У мадэлях Android: няма лёгкадаступнай убудаванай функцыі, але такія праграмы, як, напрыклад, AccuBattery і MacroPinch, паказваюць інфармацыю аб стане батарэі ў вашым смартфоне.
Вось што яшчэ можна зрабіць, каб павялічыць прадукцыйнасць:
- Перазагружайце тэлефон праз дзень. Пакіданне тэлефона ўключаным на працягу доўгага часу можа прывесці да памяншэння аб'ёму даступнай памяці і памылак.
- Вызваліце месца. «Успрымайце свой тэлефон як офіс. Калі ён перапоўнены непатрэбнымі рэчамі, то і перасоўвацца па ім цяжэй. Паглядзіце ў наладах iPhone або Android, што займае сховішча. Выдаліце непатрэбныя файлы і выкарыстоўвайце воблачныя сэрвісы для іх захоўвання».
- Забараніце праграмам працаваць у фонавым рэжыме. Прычынай спаду прадукцыйнасці можа быць шмат запушчаных праграм.
- Карыстайцеся вэб-сайтамі замест праграм. Праграмы не толькі займаюць месца, але і могуць працаваць у фонавым рэжыме, што можа прывесці да зніжэння прадукцыйнасці. Многія сэрвісы, як, напрыклад, сацыяльныя сеткі, могуць быць даступныя з вашага мабільнага браўзера з тымі самымі функцыямі. Вы нават можаце дадаць закладкі вэб-сайта на галоўны экран.
Парада 4: Абараніце ваш тэлефон ад знешняга ўздзеяння
Добры, зручны чахол можа павялічыць тэрмін службы вашага тэлефона на гады, а ахоўнае шкло абароніць экран. Трымальнікі для тэлефона, якія прымацоўваюцца да задняй крышкі, зробяць вашу прыладу зручнейшай для трымання і прадухіляць выпадковае падзенне.
Нягледзячы на тое, што многія тэлефоны маюць стандарт воданепранікальнасці, не бярыце іх для падводнага плавання. Вільгаць можа пашкодзіць кампаненты ўнутры тэлефона. Асабліва моцна салёная вада раз'ядае электроніку.