У Брэсце будуюць «Еўрапейскі квартал». Колькі каштуюць гэтыя даблхаусы?
Берасцейскі забудоўшчык «Палессежылбуд» анансаваў продаж жылля новага для абласнога цэнтра фармату.
17.08.2022 / 08:32
Фота: euro.pzs.by
Забудоўшчык прапануе дамы на дзве сям'і з участкам памерам 6 сотак. Еўрапейскі квартал у Брэсце з'явіцца ўздоўж вуліц Засіма і Несцерчука, гэта ў колішняй вёсцы Аркадзія на поўдні горада. Усяго запланавана ўзвесці 18 такіх будынкаў на 36 кватэр. Тры дамы плануецца здаць да канца года.
Даблхаус — гэта жылы блакаваны дом, падзелены на дзве часткі.
Забудоўшчык звяртае ўвагу на тое, што канцэпцыя гарадскіх жылых дамоў, стылістычна аб'яднаных архітэктурным рашэннем, папулярная на Захадзе.
Фота: euro.pzs.by
Цікава, што згодна з дакументамі, «Палессежылбуд» прадае аднапавярховае жытло, з агульнай плошчай 91м². Рабіць лесвіцу і пераўтвараць мансардны паверх у жылую плошчу гаспадару даблхаўса давядзецца самастойна. Мансардныя вокны ў даху ў першапачатковым праекце таксама не прадугледжаныя.
Тым не менш, пры жаданні на другім паверсе можна абсталяваць дзве спальні, санвузел і гардэробную, гаворыцца ў апісанні да аб'екта.
Фота: euro.pzs.by
На першым паверсе кватэры знаходзяцца дзве спальні плошчай каля 15 «квадратаў» кожная, кухня-гасцёўня на 40 м², сумесны санвузел на 4 м², калідор, тамбур і кацельня.
Квадрат у такім доме-кватэры каштуе 2295 рублёў, калі да агульнай плошчы дадаць мансардны паверх, то кошт метра знізіцца да 1221 рубля. Атрымліваецца, за паўтарапавярховыя апартаменты з шасцю соткамі зямлі і суседзямі за сцяной давядзецца выкласці каля 81 тысячы даляраў. Даблхаусы здаюць з чарнавым аздабленнем і ўсімі камунікацыямі.