Укараняецца ў беларускія арганізацыі як юрыст, перасылае інфармацыю Лебедзевай. Дзіўная дзейнасць Мантаса Данелюса
Ён укараняўся ў беларускія арганізацыі, знаёміўся з бізнэсамі і актывістамі, а пасля таго, як уваходзіў у давер, перадаваў інфармацыю лукашэнкаўскай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай. Але гэта не самае дзіўнае ў гэтай гісторыі.
18.08.2022 / 15:59
Мантас Данелюс. Фота: сацыяльныя сеткі
Мантас Данелюс — літоўскі юрыст, які праводзіць свае кансультацыі для беларусаў у эміграцыі.
Схема, па якой працуе Мантас, такая: ён у якасці бізнэс-кансультанта знаёміцца з беларусамі на мерапрыемствах, напрыклад, праводзіць лекцыі па тым, як адкрыць сваю справу. Іншыя звяртаюцца да яго па юрыдычную дапамогу, бо знаходзяць у інтэрнэце ці ў беларускіх суполках інфармацыю пра яго вялікі досвед як юрыста. Пасля таго як ён увойдзе ў давер, пачынаецца дзіўнае.
Кансультант задае пытанні рознага характару, робіць відэазапісы ды скрыны перапісак і сістэматычна — «Нашай Ніве» вядомыя некалькі такіх выпадкаў — перасылае іх журналістцы Ксеніі Лебедзевай.
«Нашай Ніве» вядомыя некалькі гісторый, але не ўсе з закранутых асоб пагадзіліся, каб вядомае ад іх было апублікаванае.
Па нашай інфармацыі, некалькі з беларусаў, якія сутыкаліся з Данелюсам, падалі на яго заявы ў літоўскую паліцыю.
Мантас ужо трапляў у радар мясцовых праваахоўных органаў раней.
У сеціве, напрыклад, ёсць дакумент, згодна з якім яшчэ ў 2011 годзе паліцыя (аддзел па расследаванні эканамічных злачынстваў) выносіла яму афіцыйнае папярэджанне, у якім патрабавала «выконваць Канстытуцыю і законы Літоўскай Рэспублікі, не абмяжоўваць правы і свабоды людзей».
Афіцыйнае папярэджанне, якое было вынесена Мантасу Данелюсу
Па інфармацыі «Нашай Нівы», нейкі час Данелюс дапамагаў у якасці юрыста арганізацыі «Наш дом» Вольгі Карач. Таксама праводзіў кансультацыі ў арганізацыі «Дапамога», якой кіруе Наталля Калегава. Па нашай інфармацыі, з сакавіка там з ім ужо не падтрымліваюць сувязь.
Данелюс перыядычна публікуе фотаздымкі з сустрэч з беларусамі ў Літве.
Скрын афішы сустрэчы з Мантасам Данелюсам
Другая злева — Вольга Карач. Скрын з сацыяльных сетак Мантаса Данелюса.
Другая злева — Вольга Карач. Скрын з сацыяльных сетак Мантаса Данелюса.
Сваё супрацоўніцтва з лукашэнкаўскімі СМІ Мантас не хавае. Ён дае каментары ў якасці літоўскага юрыста на тэлеканале «Беларусь 1» і хваліцца гэтым у сябе на старонцы ў фэйсбуку.
Скрын, які Данелюс размясціў у сваёй сацыяльнай сетцы
Такім «кансультантам» ён быў у сюжэце пра палітычную «справу Аўтуховіча» прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. У ім ён расказваў, да якіх «метадаў» звяртаюцца зняволеныя, каб зацягнуць судовы працэс.
Нядаўна на «Беларусь 1» усё ў той жа прапагандысткі выйшла інтэрв’ю з былым добраахвотнікам-каліноўцам — Віктарам Савічам. Але, як пазней хлопец расказаў «Зеркалу», тэлебачанню ён каментары не даваў.
У выніку рэпрэсій 2020-га малады чалавек з’ехаў з Беларусі ў Літву. Калі пачалася вайна, ён уступіў у батальён Каліноўскага (пазней ён перайменаваўся ў Полк).
Віктар расказаў, што 11 або 12 ліпеня ён разарваў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны і вярнуўся ў Вільню, дзе вырашыў адкрыць свой бізнэс. Ён звязаўся з юрыстам, які кансультуе людзей па тым, як адкрыць сваю справу. Гэта быў той самы Мантас Данелюс.
«Калісьці я быў некалькі разоў у яго на лекцыях, таму і звязаўся з ім», — расказаў каліновец.
Праз паўтара тыдні пасля знаёмства Мантас, са словаў Віктара, прапанаваў яму запісаць інтэрв’ю аб Палку. Данелюс сказаў, што ролік трэба для амбасады ЗША, каб «разабрацца з Палком». У выніку відэа, дзе хлопец гаворыць пра добраахвотнікаў, паказалі не ў пасольстве ЗША, а на БТ.
У версіі БТ голас інтэрв'юера схаваны.
Гэта было не адзінае інтэрв'ю Данелюса з Савічам. Ëн запісваў хлопца на відэа некалькі разоў. Задаваў таксама пытанні пра Ціханоўскую, грошы апазіцыі і сваімі фармулёўкамі падводзіў суразмоўцу да адказаў, што Ціханоўская аточаная агентамі заходніх спецслужбаў і што каліноўцы лічаць сябе «шляхтай», а народ — «быдлам». Савіч такіх адказаў усё ж не даў.
У «Нашай Нівы» пасля прагляду даступнага нам арыгінала інтэрв'ю склалася ўражанне, што Данелюс меў ясны план і задачы, якіх адказаў ён хацеў дабіцца ад Савіча.
Мантас Данелюс расказаў «Нашай Ніве», што з Лебедзевай знаёмы даўно.
«З Ксеніяй Лебедзевай мы пазнаёміліся ў Паланзе задоўга да пандэміі. Яна здымала там відэа аб рэгулярных рэйсах «Белавія». Паколькі я свабодна размаўляю па-руску, дапамагаў ёй выконваць абавязкі журналіста.
Ксенія прыняла іслам, у мяне таксама шмат сяброў-мусульман, яшчэ мы абое аднаго знака задыяку, розніца ў гадах невялікая. Гэта больш падобна да сімпатыі мужчыны да жанчыны, чым да супрацы», — апісвае ён знаёмства.
«Ксенія — палкоўнік інфармацыйнай службы КДБ. Яна мне ў самым пачатку сказала, што ўсе зоркі службы навін Беларускага дзяржтэлерадыё адначасова дзейныя супрацоўнікі КДБ. У нас такая ж сітуацыя была ў Літве да перабудовы, так што для мяне гэта не сюрпрыз», — напісаў «Нашай Ніве» Данелюс.
Скрын адказу Мантаса Данелюса «Нашай Ніве»
На пытанне, навошта ён перадае інфармацыю пра беларусаў, Мантас адказаў, што «гэта дапамога жанчыне, якую я шчыра абажаю».
Грошы, кажа ён, за гэта яму не плацяць.
«Ксенія фатальная жанчына. Яна ўмее зачараваць мужчын. Гэты тып жанчын па-літоўску называецца Чорныя архідэі», — дзеліцца Мантас.
Скрын перапіскі Мантаса Данеліса з Ксеніяй Лебедзевай, які ён пераслаў «Нашай Ніве»
«Чысці нашу перапіску, не захоўвай скрыноў нашай перапіскі», — інструктуе яго Лебедзева. Аднак, як бачым, ён не выконвае гэтай просьбы.
Мантас Данелюс расказаў, што ён трапіў у «Наш дом» некалькі гадоў таму, яго парэкамендавала жанчына, якая жыла там у шэлтары. «Наша Ніва» ведае імя жанчыны.
«Яна пацвердзіла, што я правільны чалавек», — тлумачыць Мантас.
Данелюс сцвярджае, што Вольга Карач і Наталля Калегава ведалі пра тое, што ён перадае інфармацыю Ксеніі Лебедзевай. Мы не ведаем, ці гэта праўдзівае сцвярджэнне. Наталля Калегава адмовілася каментаваць сітуацыю з Данелюсам публічна, Вольга Карач не адказала на наш запыт пра каментар.
Мы пацікавіліся ў Мантаса Данелюса, ці не бачыць ён праблемы ў супрацоўніцтве з лукашэнкаўцамі.
«Літва не знаходзіцца ў стане вайны з Беларуссю. Мне дазволена дапамагаць журналістам Беларусі. КДБ з'яўляецца ўрадавым органам, але паколькі афіцыйнага ваеннага становішча няма, мне дазволена размаўляць з супрацоўнікамі КДБ да таго часу, пакуль не будуць раскрытыя дзяржаўныя сакрэты», — кажа Данелюс.
Ведаеце пра гэтую ці іншыя тэмы больш, пішыце ў наш бяспечны @Nasa_Niva_Bot.