Хлопец трапіў на размеркаванне ў раёнку ў Чавусы: Далі кватэру. Ёсць туалет, душа пакуль, праўда, няма
Віталь адвучыўся на журналіста ў Магілёўскім універсітэце імя Куляшова і па размеркаванні адправіўся ў раённы цэнтр Чавусы, дзе яму трэба будзе працаваць два гады ў газеце «Іскра». Пра ўмовы, у якіх жыве і працуе малады спецыяліст, піша magilev.by.
19.08.2022 / 11:37
Першы працоўны дзень для маладога чалавека пачаўся 15 жніўня.
«Устаў а 5-й гадзіне раніцы, — распавядае малады спецыяліст. — Хацеў трапіць на маршрутку, каб лішні раз не спазняцца. Прыехаў — і адразу ў рэдакцыю. На жаль, не пазнаёміўся з усімі сваімі будучымі калегамі. Некаторыя ў адпачынках, на бальнічных. Пазнаёміўся з галоўным рэдактарам, з журналістамі. Як ні дзіўна, сустрэлі мяне ў рэдакцыі з пакетам яблыкаў. Атмасфера вакол на дзіва спакойная. Месца шмат. Працуй — не хачу. Людзей мала, усе прыязныя. Большасць журналістаў — моладзь. Цікава тое, што мне паабяцалі калонку. Мая задача — дзяліцца ўражаннямі ад таго, што бачу, чую, пра што думаю.
Атрымаў першае заданне — напісаць матэрыял у калонку пра тое, чаго я чакаю ад свайго першага месца працы. Сказалі, што ўступная частка добрая, а вось заключэнне некалькі дэпрэсіўнае. Трэба перарабляць.
Уражанні ад горада? За 2 дні яшчэ, вядома, не склаліся. Пакуль спрабую арыентавацца на мясцовасці. Ведаю, што ёсць парк, які выводзіць на асноўныя вуліцы. Чавусы, наколькі я разумею, горад не кампактны — ёсць аддаленыя раёны, пра якія я паняцця не маю. Напрыклад, я да гэтага часу не разумею, як дабрацца да чыгуначнага вакзала».
Віталь кожны вечар пасля працы вяртаецца ў Магілёў на маршрутцы. Кошт праезду ад раённага цэнтра да Магілёва — 5 рублёў, то-бок за дзень прыйдзецца заплаціць 10 рублёў, за месяц — каля 200 рублёў. Кошт квітка на цягнік — 4 рублі 90 капеек.
Адміністрацыя раёна прапанавала маладому спецыялісту кватэру. Праўда, яна далёка ад працы. Кватэра — двухпакаёвая, з рамонтам, пустая. Ёсць туалет, душа пакуль, праўда, няма. Віталь спадзяваецца паставіць яго самастойна.
За кватэру яму прыйдзецца аплачваць толькі камунальныя паслугі і 6 рублёў за карыстанне памяшканнем (гэта за месяц).
«Заробак Віталіку абяцаюць не казачны, але, тым не менш… 700 рублёў. Для маладога спецыяліста, я лічу, гэта не дрэнна», — піша аўтар матэрыялу ў раёнцы.
На пытанне, што асаблівага можна заўважыць у Чавусах прыезджаму чалавеку, Віталь адказаў не адразу. Задумаўся. Праз некалькі секунд адзначыў: «Людзей вельмі мала. Пасля Магілёва гэта дзіўна!»