76-гадовы дзядуля вырошчваў каноплі, да яго прыйшоў участковы

У Маладзечанскім раёне ў госці да пенсіянера прыйшоў участковы. Ён звярнуў увагу на «дзіўны фізічны стан пенсіянера»: па вонкавых прыкметах ён знаходзіўся ў стане ап'янення. Міліцыянта гэта збянтэжыла, ён зазірнуў у цяпліцу і ўбачыў, што акрамя гародніны пенсіянер вырошчвае яшчэ і каноплі.

25.08.2022 / 11:45

Усяго аператыўнікі наркакантролю налічылі 44 кусты канабісу. А яшчэ побач знайшлі скрыню з ужо гатовым «зеллем», у якім было амаль 130 грамаў марыхуаны, паведамляе абласная міліцыя.

Пенсіянер не стаў адпірацца і распавёў, што вырошчваў каноплі для сябе.

У міліцыі адзначылі, што раней дзядуля ўжо прыцягваўся па 328-м артыкуле КК, тады яму далі паўтары гады «хатняй хіміі». Цяпер таксама заведзеная крымінальная справа.

Nashaniva.com