Гомельскія чыноўнікі выдалілі справаздачу, у якой выпадкова прызналі масавыя расстрэлы ў 1937-м 

Нядаўна гомельскае Упраўленне капітальнага будаўніцтва апублікавала справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будаўніцтва дарогі. На схеме былі абазначаныя дзве брацкія магілы ахвяр сталінскіх рэпрэсій 1937 года.

26.08.2022 / 09:23

Скрыншот са справаздачы

Пазней чыноўнікі і дзяржаўныя газеты сталі аспрэчваць гэтую інфармацыю. Наракалі на памылкі праекціроўшчыкаў і пераконвалі, што расстрэлы 1930-х — дробязь у параўнанні з тым, што рабілі нацысты, а таму не вартыя ўвагі.

Цяпер справаздачу з сайта выдалілі наогул. 

У арганізацыі «Экадом» звяртаюць увагу на тое, што ўтойванне інфармацыі — гэта парушэнне закона, мясцовыя жыхары маюць права звярнуцца ў пракуратуру. Грамадзянам павінен быць забяспечаны доступ да справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, дакумент мусіць размяшчацца на афіцыйным сайце мясцовых органаў (гэта прапісана ў Палажэнні аб парадку арганізацыі і правядзення грамадскіх абмеркаванняў праектаў экалагічна значных рашэнняў, прынятым Пастановай Саўміна ад 14 чэрвеня 2016 года №458).

Гомельскія ўлады выпадкова пацвердзілі масавыя расстрэлы ў 1937 годзе. А цяпер апраўдваюцца, кажучы, што гэта памылка

Nashaniva.com