Прапагандысты вырашылі паказаць беларусаў, якія «не змаглі жыць у Германіі». Але тыя аказаліся былымі сілавікамі
На БТ запусцілі новую праграму, дзе расказваюць пра тое, як ЕС шкодзіць санкцыямі «простым беларусам». Зоркамі апошняга выпуску мусілі стаць двое мужчын, якія «збеглі дадому з Германіі». Мы пацікавіліся, што за яны — і высветлілі шмат цікавага.
03.09.2022 / 20:36
Скрыншот: канал вядучай праграмы «Санкцыі для народу» Настассі Бенедзісюк з аповедамі тых самых беларусаў
Першага героя клічуць Андрэй Кутафін, яму 44 гады. У відэа ён сцвярджае, што дзевяць гадоў жыў у Германіі, але там пачалася «псіхіятрыя», і ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь.
Па звестках «Кіберпартызанаў», у 1998 годзе мужчына пачынаў як кінолаг у гродзенскім Дэпартаменце аховы Міністэрства ўнутраных спраў (тады яшчэ аб'яднанні «Ахова» пры МУС). Даслужыўся ён там да старшыны і звольніўся ў сярэдзіне «нулявых».
Пасля працаваў у будаўнічай фірме ААТ «Гарадское будаўніцтва», потым перайшоў у «Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне», а пазней — у ААТ «Біябуд» (кампанію, якая займаецца стварэннем каналізацый).
Мужчына часта ездзіў у Еўропу, але ненадоўга. Самыя доўгія візіты з апошніх — у 2017 і 2018 гадах, ён выязджаў кудысці праз Польшчу на 3—4 месяцы. Магчыма, што ён працаваў недзе ў Еўропе, але ніколі не жыў там доўга. Таксама вясной-улетку 2020 года ён часта ездзіў у ЕС, але адразу вяртаўся (візіты доўжыліся дзень-два) — што падобна на класічныя паездкі «на закупы».
Кутафін. Фота: сацсеткі.
Аніякіх пацверджанняў таму, што ён «9 гадоў жыў у Германіі», мы не знайшлі.
Другі герой, Алег Бруштуноў, у відэа сцвярджае, што «пяць гадоў таму працаваў у Германіі» і «прывозіў грошы на радзіму», а «Лукашэнку там усе любілі». Але ёсць нюанс.
46-гадовы Бруштуноў не просты міліцыянт. З 1997 года, як і Кутафін, ён працаваў у гродзенскім Дэпартаменце аховы МУС, таксама кінолагам. У 2003 годзе ён паступае ў Акадэмію МУС, стаўшы лейтэнантам, і пераязжае ў Мінск.
Але неўзабаве Бруштуноў пераходзіць на працу ў элітнае падраздзяленне «Алмаз». Там ён спачатку быў «операм», а пасля старшым інспектарам-кінолагам і нават выйграваў спаборніцтвы па пошуку выбухоўкі. Даслужыўся ён у «Алмазе» да звання маёра і звольніўся па згодзе бакоў у пачатку 2018 года.
Па звестках «Кіберпартызанаў», ён ездзіў у Еўропу некалькі разоў. Самая доўгая з вандровак заняла паўгода і адбылася з красавіка па верасень 2018 года. Прычым ездзілі яны туды разам з Кутафіным. Чым там займаліся — невядома.
Далей ён працаваў адміністратарам у рэстаране Falcon, прынамсі да канца 2020 года.
У 2022 годзе Бруштуноў быў суаўтарам правілаў па правядзенні кіналагічных спаборніцтваў. Там яго называюць майстрам спорту па службовым мнагаборстве кінолагаў і ветэранам спецпадраздзялення МУС Рэспублікі Беларусь.