Што паглядзець. «Пацыент» — захапляльны і страшны трылер пра псіхатэрапію
У ложку прачынаецца мужчына, ён цягнецца па акуляры і надзявае іх. Цалкам апрануты, ён устае, але калі робіць крок, чуе ляск. Ён глядзіць уніз і бачыць, што прыкуты за нагу да падлогі.
04.09.2022 / 12:21
Фота: FX
Так пачынаецца 10-часткавы серыял «Пацыент» (The Patient), створаны амерыканскім стрымінгавым сэрвісам Hulu. Прыкаваны мужчына — Алан Страус, псіхатэрапеўт. З цягам часу мы даведваемся, што знаходзіцца ён у доме свайго пацыента, Сэма Фортнера, піша NPR.
Людзі звяртаюцца да псіхатэрапеўтаў па розных прычынах, але ў Сэма яна даволі незвычайная: мужчына — серыйны забойца, ён хоча перастаць забіваць людзей, але для яго гэта дужа цяжкая задача.
Простасць і, адначасова, складанасць такога ўступлення ў тым, што далей дзеянне можа развівацца зусім па-рознаму, але патэнцыйных вынікаў не так шмат. Алан можа збегчы, яго могуць выратаваць, або Сэм дазволіць яму сысці, мужчына можа застацца ў палоне назаўсёды або памерці там. На розных этапах серыяла кожны з гэтых варыянтаў выглядае праўдападобным, бо Алан шукае спосабы выратавацца, але ў той жа час і немагчымым.
У Сэма, у сваю чаргу, таксама не так шмат варыянтаў: забіваць і далей або спыніцца? Выжыць ці памерці? Выпусціць Алана ці трымаць яго ў сябе, але да якога моманту?
У тым, што серыйны забойца звяртаецца да псіхатэрапеўта, ёсць свой элемент чорнай (вельмі чорнай) камедыі. Хіба ж псіхатэрапеўт — гэта не той чалавек, які павінен вам дапамагаць, якія б цёмныя сакрэты вы яму ні раскрывалі? Калі ад гэтага залежыць яго бяспека, Алан абнадзейвае Сэма расказамі пра свае прафесійныя абавязкі і абяцае таму дапамагчы, чым зможа. Але ж незразумела, наколькі пры гэтым варта давяраць Алану, тым больш што часам ён ледзьве стрымлівае праведны гнеў на Сэма — чалавека, якому Алан спрабаваў дапамагчы, але які адплаціў яму зняволеннем.
Серыял «Пацыент» удумлівы і кранальны як добрая драма, але ў той жа час напружаны як найлепшыя трылеры. Пакуль даступныя дзве серыі, але ў выніку іх выйдзе 10. Гэта шоу, якое будзе зноў і зноў прымушаць вас задумвацца і гадаць, як гэта ўсё можа прыйсці хоць да нейкага зразумелага фіналу. Але фінал у серыяле ёсць, і ён добра зроблены. Было б няправільна казаць пра гэта нешта яшчэ.
Рэйтынгі на вялікіх сусветных рэсурсах:
IMDB — 7,8/10
Rotten Tomatoes — 83%