Настаўніцу, якую вясной аштрафавалі за жоўта-блакітныя стужачкі ў валасах, звольнілі з працы
«Увесну казалі, што працягваюць кантракт, бо па закону, калі ёсць дзеці да пяці год, нельга пазбаўляць магчымасці ўтрымліваць сям’ю. Але ў другой палове лета, я так разумею, пачалі дзейнічаць законы іншыя. Вынік — я шукаю працу», напісала Ларыса Секержыцкая ў Фэйсбуку.
31.08.2022 / 19:51
У сакавіку Ларысу Секержыцкую, настаўніцу гісторыі з Бабруйска, за салідарнасць з Украінай аштрафавалі на 70 базавых велічыняў (2240 рублёў). Бабруйскі суд прызнаў настаўніцу сярэдняй школы № 27 вінаватай у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства.
Уся яе віна была ў тым, што ў прычосцы мелася жоўта-блакітная стужачка. Менавіта ў гэтым міліцыя і суд угледзелі прыкметы «правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». Секержыцкую затрымалі на працоўным месцы, а міліцыю выклікала ў школу яе адміністрацыя.
Педагог мае 17-гадовы працоўны стаж, яе спецыялізацыя: гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя і грамадазнаўства.
«Заняткі магу праводзіць анлайн на беларускай і рускай мовах, дапамагу падцягнуць веды, больш грунтоўна падрыхтавацца да экзамену, ЦТ. Буду ўдзячна за рэпост. Веру ў моц пяці поціскаў рукі. Пішыце ў прыват, калі ёсць прапановы», — адзначыла Секержыцкая са спадзевам, што ёсць ахвотныя скарыстацца з яе настаўніцкага досведу.