«Дзяржынскі выратаваў вялікую колькасць жыццяў». У Ліцэй БДУ на лінейку прыязджаў намеснік начальніка КДБ
Сёлета на лінейках у многіх школах прысутнічалі прадстаўнікі з сілавых структур — пракуратуры, СК. У Ліцэй БДУ выступіць прыслалі намесніка начальніка КДБ.
01.09.2022 / 20:21
Фота: сайт ліцэя
Пра візіт «Нашай Ніве» вядома ад некалькіх крыніц.
Выступленне кадэбіста было вельмі кароткім, пару хвілін. У сваёй прамове ён расказваў пра Фелікса Дзяржынскага, як той «шмат добрага зрабіў для дзяцей, заснаваў службу, нашчадкам якой з'яўляецца КДБ, выратаваў вялікую колькасць жыццяў».
І запрасіў моладзь пасля выпуску ісці да іх у КДБ.
Вядома, што прапусціць лінейку навучэнцы маглі толькі па даведцы ад доктара. Збіралі спісы тых, хто адсутнічаў (праўда, так было і ў папярэднія два гады). Ці планавалі перадаваць куды гэтыя спісы, невядома.
У пачатку ХХ стагоддзя ВЧК, якім кіраваў Дзяржынскі, быў галоўным рэпрэсіўным органам. Толькі ў 1918 годзе ВЧК расстраляла 6 185 чалавек, яшчэ 14 829 чалавек змясцілі ў турмы, 6 407 — накіравалі ў канцэнтрацыйныя лагеры, 4 068 — узялі ў закладнікі.
У 1919 Дзяржынскі стаў кіраўніком НКВД.
Пры яго ўдзеле была закладзена сістэма будучага савецкага ГУЛАГа.