Экалагічная катастрофа на Палессі — апустыньванне глебы і пылавыя буры
Няправільная сельскагаспадарчая дзейнасць прыводзіць да разбурэння глебы на Палессі. Так выглядаюць цяпер палі каля вёскі Застружжа Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, піша тэлеграм-канал «Штодзень».
02.09.2022 / 20:24
Фотаздымкі ўзяты са старонкі фізіка Святланы Волчак. Разам з мужам Міхасём яны жывуць у вёсцы Застружжа каля чатырох гадоў, і ўвесь гэты час назіраюць за катастрафічнымі экалагічнымі зменамі — палескія палі ператвараюцца ў пустыні, а пясчаныя буры становяцца нормай.
Каб палепшыць экалагічную сітуацыю, сям’я саджае дрэвы вакол дома, а таксама ў ваколіцах вёскі.
«Такіх мегапалёў, як зараз на Палессі, не павінна быць. Вецер разганяецца на іх і падымае пыл, здзьмувае пладародны слой глебы. Трэба, каб палі былі меншыя. І трэба падзяляць іх кустамі і дрэвамі — дрэвы не даюць ветру разганяцца. Тое ж і з любой іншай адкрытай прасторай. Таму мы і сажаем паўсюль дрэвы — у будучыні яны змогуць абараніць нас і жыхароў вёскі ад пылу,» — тлумачыць Святлана.