Саладуху і Дарафееву адправяць працаваць на завод

Вядомых беларускіх эстрадных выканаўцаў сталічнае ўпраўленне культуры мае намер акунуць у культуру заводскую.

06.09.2022 / 14:29

Аляксандр Саладуха

Як паведамляюць «Мінск-навіны», Ірыну Дарафееву, Аляксандра Саладуху, Анатоля Ярмоленку, Юлію Быкаву і іншых размяркуюць па мінскіх прадпрыемствах.

У рамках праекта «Зорка на заводзе», запушчанага мінскімі ўладамі, гэтыя і іншыя выканаўцы змогуць не толькі выступіць перад калектывамі завадчан, але і асабіста паўдзельнічаць у стварэнні сталічных матэрыяльных брэндаў.

Начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталь Брэль распавёў, што ўчора Ірына Дарафеева наведвала МТЗ. І не толькі выконвала песні перад трактаразаводцамі, «але і цалкам акунулася ў працоўнае асяроддзе і папрацавала на канвееры».

«Дапускаецца ўдзел Саладухі, Ярмоленкі, Быкавай у гэтым праекце», — заявіў Віталь Брэль

Nashaniva.com