Літоўскія пагранічнікі паказалі, як беларускія сілавікі дапамагаюць мігрантам пераадольваць агароджу

13.09.2022 / 15:32

Прадстаўнікі літоўскай Службы аховы граніцы паведамілі, што ў нядзелю ў Віленскім раёне з боку Беларусі да фізічнага бар'ера на граніцы перад групай мігрантаў падбеглі двое невядомых у масках. Літоўцы сцвярджаюць, што гэта былі беларускія сілавікі.

Пакуль пара ў масках разразала калючы дрот і агароджу, мігранты проста стаялі і чакалі. Як толькі прыехалі патрульныя, меркаваныя сілавікі збеглі ў лес, кінуўшы нелегалаў.

На відэа таксама трапілі беларускія пагранічнікі з нажніцамі для рэзкі металу, якія проста прагульваліся ўздоўж мяжы.

Літоўцы адзначаюць рост колькасці нелегальных мігрантаў у апошні час.

Nashaniva.com