Украіну далучаць да еўрапейскай зоны роўмінгу
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Украіна далучыцца да зоны роўмінгу Еўрасаюза. «Мы ўвядзем Украіну ў нашу еўрапейскую свабодную зону роўмінгу. Час гэта зрабіць», — сказала яна ў сваім штогадовым звароце «Аб становішчы Саюза» ў Еўрапарламенце, піша Радыё Свабода.
14.09.2022 / 19:49
Фон дэр Ляен падкрэсліла, што адзіны рынак ЕС — адна з найвялікшых гісторый поспеху Еўропы. «Настаў час зрабіць яго паспяховым і для нашых украінскіх сяброў», — падкрэсліла яна.
Таксама старшыня Еўракамісіі адзначыла, што Украіна ўжо з'яўляецца тэхналагічным цэнтрам і домам для многіх інавацыйных маладых кампаній.
У ліпені прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што краіна плануе ў хуткім часе далучыцца да роўмінгавай прасторы ЕС. Раней аператары мабільнай сувязі з Еўрасаюза і Украіны дамовіліся зрабіць сувязь паміж краінамі больш даступнай, зніжаючы тарыфы на роўмінг.
Беларусь і Расія з 1 красавіка таксама адмянілі плату за ўваходныя званкі ў роўмінгу на тэрыторыі гэтак званай «Саюзнай дзяржавы». Гэтую меру Мінск і Масква абмяркоўвалі амаль 10 гадоў, а тэрміны неаднаразова пераносіліся.