Што паглядзець. Адкрыйце для сябе Гадара
13 верасня ў Швейцарыі памёр 91-гадовы Жан-Люк Гадар. Гэта выключная постаць, фільмы яго ні з чыімі не зблытаеш. Гадар — адзін з класікаў французскай «новай хвалі», аднаго з найважнейшых кірункаў у кіно ХХ стагоддзя.
17.09.2022 / 15:15
Фота: goodshortfilms.it
Фільмы Гадара маюць асаблівы стыль: разняволены, дзёрзкі, закаханы ў жыццё і ў яго адбітак на экране, піша ew.com.
На апошнім дыханні (À bout de souffle) — 1960
Кадр з фільма: rogerebert.com
Пасля некалькіх рваных кораткаметражак у пачатку кар’еры Гадар зняў свой дэбютны поўнаметражны фільм, які выйшаў не больш спакойным за іх. Тым не менш, «На апошнім дыханні» — гэта ўсё роўна прарыў, карціна, што ўражвае за кошт сваёй энергіі, а не за кошт знешняга бляску. Гадар стварыў фільм, напоўнены апантанасцю кіно.
Малады гангстэр у выкананні Жана-Поля Бельмандо і кораткастрыжаная амерыканка ў Парыжы, якую грае Джын Сіберг, нібыта створаныя і самім кінаэкранам, і для яго. Калі вам падабаюцца працы Таранціна і яго стыль фільмаў, падобны да балбатлівай размовы з самім сабой, паглядзіце «На апошнім дыханні», бо з гэтай стужкі ўсё і пачалося.
Пагарда (Le mépris) — 1963
Кадр з фільма: criticat.com
Гэтая рамантычная трагедыя застаецца самым дасканалым у творчасці Гадара спалучэннем самасвядомасці і простай забавы. Як і ў ранейшых карцінах, вы адчуеце тут раптоўныя змены колераў і нечаканыя жарты.
«Пагарда» — гісторыя пра сцэнарыста (Мішэль Пікалі), які не заўважае, што ад яго аддаляецца жонка (Брыжыт Бардо). Фільм упрыгожаны панурай аркестровай музыкай ад Жоржа Дэлеру, якая насычае ўсё фаталістычнай цемрай, і ён дакладна ператворыць вас у адэпта Гадара.
Звар’яцелы П’еро (Pierrot le fou) — 1965
Кадр з фільма: mubi.com
Калі б нейкім чынам атрымалася аб’яднаць мінулыя дзве карціны, вы атрымалі б гэты фільм, які ўспрымаецца такім жывым праз неразважлівае імкненне героя да злачынстваў, але ў той жа час і ўражвае цудоўным ўжываннем колеру і стылю.
Гадар зноў здымае прыгожага Бельмандо, але ў кадры з’яўляецца таксама жонка і муза рэжысёра Анна Карына, чыя выбуховая энергія зрабіла яе адной з культавых фігур французскай «новай хвалі». Большая частка фільма праходзіць у бягах, што можна патлумачыць як імкненне самога Гадара да чагосьці і яго жаданне ніколі не завязнуць у аднолькавасці. На той момант ён ад яе вольны.
Мужчынскае — жаночае (Masculin, féminin) — 1966
Кадр з фільма: tcm.com
У той жа год выйшаў Revolver, сёмы альбом The Beatles, гуллівы і яркі. Як і праца брытанцаў, «Мужчынскае — жаночае» ўспрымаецца як пачатак новай эры: цягучая, наэлектрызаваная ода поп-стылю жыцця.
Мадлен (Шанталь Гоя) спрабуе рэалізаваць сябе ў поп-музыцы, і ў яе пачынае атрымлівацца. Таксама ў фільме ёсць пісталет, трошкі палітычных пратэстаў, сэкс і некалькі гутарак на камеру — тэхніка, якая ў той час была надзвычайна свежай, асабліва ў працы з выдуманымі персанажамі. У тытрах Гадар называе герояў «дзецьмі Маркса і Кока-колы». Былы крытык, ён здолеў ствараць не проста фільмы, а культурныя заявы.
«Бывай, маўленне» (Adieu au language) — 2014
Кадр з фільма: timeout.com
Згодна з папулярным (і не памылковым) меркаваннем, пасля першага дзесяцігоддзя актыўнай працы Гадар крыху знізіў тэмп працы і пагрузіўся ў палітыку. Але зусім не варта забываць пра яго эксперыменты наступных гадоў.
Паспрабуйце паглядзець гэты 3D-фільм — так, нават Гадар іх здымаў — які сцірае межы і ўключае ў сябе мноства візуальных прыёмаў, якія яшчэ не да канца зразумелыя. Дазвольце ідэям Гадара цячы перад вамі і проста схоплівайце тыя з іх, што вам падабаюцца. Гадар хацеў, каб мы сталі сааўтарамі кіно, і пра гэта не варта забываць.