Кіраўніцу Еўракамісіі пачаставалі кавунамі і дынямі з вызваленых херсонскіх сёлаў

Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен сёння зноў прыехала ў Кіеў, ужо трэці раз ад пачатку вайны. І гэтым разам украінцы мелі чым яе пачаставаць, прадэманстраваўшы, што еўрапейская падтрымка не ідзе на глум.

15.09.2022 / 22:21

Урсуле фон дэр Ляен уручылі парэзаныя кавалкі кавуна і дыні, прыклаўшы да іх гэты тэкст:

«Дзякуючы мужнасці нашых воінаў і старанна спланаваным контрнаступальным дзеянням Узброеных Сіл Украіны нядаўна былі вызвалены пяць населеных пунктаў — Высакаполле, Новавазнясенскае, Белагорка, Міралюбаўка і Сухі Ставок.

Херсонская вобласць з'яўляецца адным з лідараў па вырошчванні кавуноў і іншых бахчавых культур. Херсонскія кавуны вядомыя сваёй якасцю далёка за межамі вобласці — яны адметны для рэгіёна прадукт харчавання.

Сёння мы хочам пачаставаць вас кавунамі і дынямі, вырашчанымі ў нядаўна дэакупаваных вёсках».

Nashaniva.com