«Уяўляеш, як ты пляваў на ўласную краіну, што на ўкраінскую мову перайшоў». Эдгард Запашны паслаў беларускамоўнага гімнаста
Сямён Букін, беларускі гімнаст і артыст цырка «Дзю Салей», перадаў «Нашай Ніве» цікавы аўдыязапіс. На ім — перапалка з Эдгардам Запашным, вядомым расійскім цыркавым артыстам, які выступае ў падтрымку вайны.
16.09.2022 / 19:02
Эдгар Запашны (справа). Фота: інстаграм Запашнага
Пачалося ўсё са звароту расійскага калегі Сямёна. Той папрасіў Букіна дапамагчы знайсці артыстаў-беларусаў, якія маглі б паехаць выступаць у Расію. Букін адмовіў і жартам папрасіў перадаць прывітанне Запашнаму, прыхільніку расійскай улады.
Прывітанне Запашнаму перадалі. У адказ дрэсіроўшчык запісаў сваё паведамленне беларускаму гімнасту:
«Прывіт, ушлёпак! Я праслухаў тваё паведамленне. Інтэрнэтаўскім войскам слава, слава Украіне, інтэрнэтаўскім войскам слава! Я бачу, што ты вельмі смелы ў інтэрнэце, але спадзяюся, што твая любоў да Радзімы — ты ж цяпер на ўкраінскую мову перайшоў — пяройдзе ў рэальную дапамогу краіне. Давай, родны, у акопы з аўтаматам! А то абараняць Радзіму ў інтэрнэце і перадаваць нешта там Запашнаму могуць толькі такія ўшлёпкі, як ты, баязліўцы.
Наша размова скончаная, больш не буду нічога слухаць. Набярэшся смеласці калісьці падысці і сказаць мне нешта ў твар — я буду толькі рады, паглядзім, ці паспееш дагаварыць. Пакуль».
Нягледзячы на абяцанне, расіянін усё-такі запісаў яшчэ адно паведамленне да Сямёна:
«Сябра, дык ты, аказваецца, у Польшчы сядзіш! Гэта ты такі смелы, бо [знаходзішся] далёка і за мяжой?
Уяўляеш, як ты пляваў на ўласную краіну, што ты на ўкраінскай мове камусьці нешта там перадаеш, а сам, ****** (баязлівец. — «НН»), сядзіш за мяжой? Божа, як табе не сорамна ў вочы сваім бацькам глядзець, як не сорамна глядзець будзе твайму дзеду ў вочы, які, напэўна, да Берліна ў свой час дайшоў, які абараняў Радзіму!
А ты, ****** (баязлівец. — «НН»), аказваецца, у Польшчы ўжо? Божа мой! Блін, я толькі час з табой дарма патраціў».
Цікава, што Запашны, які не можа адрозніць беларускую мову ад украінскай, неаднойчы бываў у Беларусі. У апошнія гады ён ладзіў тут здымкі для свайго відэапраекта «За мяжой», выказваўся пра праўладныя аўтапрабегі і каментаваў пратэсты 2020 года словамі «нашы краіны спрабуюць разваліць». У інтэрв'ю дзяржаўным медыя дрэсіроўшчык прызнаўся, што мае ў сваёй калекцыі шайбу, падпісаную Аляксандрам Лукашэнкам. Ёсць у братоў Запашных і такое фота:
Зараз Эдгард Запашны працуе гендырэктарам Вялікага маскоўскага дзяржаўнага цырку, у якім ладзіць сусветны фестываль цыркавога мастацтва «Ідал». Ён застаецца адной з самых вядомых асоб у расійскім цырку і падтрымлівае ваенныя дзеянні Расіі ва Украіне.
У сваім тэлеграм-канале, на які падпісаны амаль 37 тысяч чалавек, дрэсіроўшчык публікуе пасты прапагандысцкага зместу і рэпосціць кантэнт, што высмейвае Украіну. З публікацый апошніх дзён — шкадаванне, што помнік Феліксу Дзяржынскаму ўсё яшчэ не вярнулі на Лубянку, віншаванне Дзмітрыя Мядзведзева з днём народзінаў і пажаданне скончыць «спецыяльную ваенную аперацыю» як мага хутчэй перамогай расійскіх войскаў. А ў вольны час народны артыст Расіі здымаецца ў такіх відэа: