«Нашы хлопцы гінуць за ілюзорныя мэты». Ала Пугачова папрасіла залічыць яе ў іншаагенты
Расійская спявачка Ала Пугачова папрасіла дадаць яе ў спіс іншаагентаў. «Бо я салідарная са сваім мужам, сумленным, прыстойным і шчырым чалавекам», — напісала Пугачова ў інстаграме.
18.09.2022 / 15:14
«Прашу залічыць мяне ў шэрагі іншаагентаў маёй любімай краіны». Такі запіс зрабіла ў сябе ў інстаграме культавая для расіян спявачка.
Гэта рэакцыя на прызнанне іншаагентам яе мужа, сатырыка Максіма Галкіна, пасля таго, як ён асудзіў вайну ва Украіне і высмеяў расійскую прапаганду ў сваіх выступах.
Пугачова ў сваім запісе пайшла далей за свае ранейшыя выказванні. Яна напісала, што салідарная са сваім мужам, які: «Жадае Радзіме квітнення, мірнага жыцця, свабоды слова і спынення гібелі нашых хлопцаў за ілюзорныя мэты, якія робяць нашу краіну ізгоем і абцяжарваюць жыццё нашых грамадзян».
У сакавіку Пугачова з Галкіным выехалі ў Ізраіль. У жніўні спявачка вярнулася ў Расію.
Ала Пугачова. Фота Ілья Піталеў / «РІА Новості»
«Сышла эпоха, у якой мы здабылі свабоду, перасталі быць «імперыяй зла» для ўсяго свету і знік страх за будучыню сваіх дзяцей», — напісала Ала Пугачова ў інстаграме з нагоды смерці Міхаіла Гарбачова.
«Кудысьці прапала чалавекалюбства і высакароднасць. Прапала ўменне ісці на кампраміс. Калі гэты кампраміс у інтарэсах народа, які марыць жыць без трывогі за будучыню сваіх дзяцей, давайце шукаць разам. Спадзяваюся, яшчэ не позна», — пісала яна.