МЗС Румыніі выказаў пратэст у сувязі з выказваннямі Лукашэнкі

Часовага паверанага ў справах Беларусі ў Румыніі па патрабаванні міністра замежных спраў гэтай краіны Багдана Аўрэску выклікалі ў МЗС для тлумачэння пазіцыі, паведаміла прэс-служба румынскага знешнепалітычнага ведамства.

18.09.2022 / 21:07

МЗС Румыніі

Незадаволенасць румынскага боку выклікалі заявы Аляксандра Лукашэнкі, якія ён зрабіў 17 верасня падчас выступу на так званым «патрыятычным форуме» ў «Мінск-Арэне».

Падчас выступлення Лукашэнка заявіў, што ЗША нібыта «штурхаюць Еўропу ў ваеннае супрацьстаянне з Расіяй на тэрыторыі Украіны». Пры гэтым ён сказаў, што ў вайну ў хуткім часе непасрэдна будзе ўцягнутая ў тым ліку Румынія. Гэта і выклікала рэакцыю румынскага МЗС

«Такім чынам, румынскі бок рашуча абвяргае такія недапушчальныя заявы, якія падсілкоўваюць рыторыку, заснаваную на закліку да сілы і пагрозы сілай у міжнародных адносінах. Таксама нельга ігнараваць ролю і міжнародную адказнасць Беларусі як памагатай Расіі ў падтрымцы агрэсіўнай вайны супраць Украіны», — гаворыцца ў тлумачэнні для прэсы МЗС Румыніі адносна заяваў Лукашэнкі.

Nashaniva.com