Расійскі афіцэр расказаў, як развівалася ўкраінская аперацыя пад Ізюмам. Ëн не разумее, чаму ўкраінцы не захацелі замкнуць акружэнне
Былы міністр абароны «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) расказаў, з чаго пачалося і як разгортвалася вераснёўскае ўкраінскае наступленне ў Харкаўскай вобласці. Украінцы ў выніку вярнулі сабе больш за 300 населеных пунктаў, уключаючы гарады Балаклея, Купянск і Ізюм. «За двое сутак да пачатку аперацыі праціўнік «хаймарсамі» накрыў штаб 11-га корпуса, які трымаў пазіцыі пад Балаклеяй. Накрыў двойчы. Камандуючы корпусам быў паранены. Сувязь была цалкам страчаная», — расказвае Гіркін, які мае шырокія сувязі на фронце.
19.09.2022 / 17:52
Украінскія вайскоўцы ў Харкаўскай вобласці. Верасень 2022. Фота: Kostiantyn Liberov / Associated Press
Гіркін кажа, што яшчэ ў ліпені — пачатку жніўня ён звяртаў увагу на тое, што расійскія войскі беспаспяхова і бессэнсоўна «бʼюцца лобам» аб доўгачасовыя ўмацаванні праціўніка «з міннымі палямі, з дотамі, з бетанаванымі пазіцыямі для артылерыі, якія рыхтаваліся сем гадоў» на захад ад Данецка.
У выніку гэтага, кажа Гіркін на відэа, якое апублікаванае ў яго тэлеграм-канале, было растрачана шмат людскіх жыццяў, шмат тэхнікі, вельмі шмат снарадаў і галоўнае, страчаны месяц часу. Усё, чаго дамаглася там расійская армія, — узяцце населенага пункта Пяскі.
«І ўсё», — падкрэслівае Гіркін. Пры гэтым, згодна з ім, страты данецкай пяхоты — «самай баяздольнай кадравай данецкай пяхоты» — яшчэ дадуць пра сябе знаць.
Пакуль расіяне спрабавалі прабіць другую лінію абароны ў кірунку Северск—Саледар—Бахмут, праціўнік, кажа Гіркін, «спакойна назапашваў рэзервы на паўночным флангу і атакаваў расійскія пазіцыі пад Херсонам».
Гіркін лічыць, што пад Херсонам атака не проста адцягвала ўвагу, украінцы сапраўды спрабавалі дамагчыся там поспеху, але гэта не было іх асноўнай задачай. Атаку пад Херсонам расіяне адбілі. І «самае баяздольнае», кажа Гіркін, паехала падмацоўваць Херсон.
У той час на заходнім беразе Северскага Донца насупраць Ізюма былі сканцэнтраваныя галоўныя сілы ўсёй расійскай Харкаўскай групоўкі, кажа Гіркін. «Нацэленыя на атаку, падкрэсліваю, а не на абарону. Іх там было шмат. З такімі сіламі можна было не толькі Славянск узяць», — распавядае ён. Там была і першая танкавая армія.
А вось фронт пад Балаклеяй, паводле Гіркіна, трымала толькі адна мотастралковая брыгада, якая мела ў сваім складзе, у найлепшым выпадку, «траціну штатнага асабістага складу (па мірным часе), якую ўзмацнілі фактычна нічым не ўзброенымі (акрамя аўтаматаў і лёгкіх кулямётаў часоў Другой сусветнай вайны) данецкімі і луганскімі так званымі «мобікамі» [мабілізаванымі].
«Ледзь-ледзь разбавілі, каб проста лінія хоць была», — распавядае Гіркін.
У рэзерве ў населеных пунктах таксама былі невялікія па колькасці падраздзяленні Расгвардыі, АМАПа, СОБРа і г.д., «як правіла, ад узвода да роты».
За двое сутак да пачатку аперацыі праціўнік, распавядае Гіркін, «хаймарсамі» накрыў штаб 11-га корпуса, які трымаў пазіцыі пад Балаклеяй і ўздоўж Северскага Данца на поўдзень ад Балаклеі.
«Накрыў двойчы. Камандуючы корпусам быў паранены. Сувязь (а значыць кіраванне) была цалкам страчаная».
На наступны дзень, кажа Гіркін, праціўнік адначасова нанёс два ўдары на поўнач і поўдзень ад Балаклеі.
«На поўнач ад Балаклеі праціўнік прарваў (месцамі фактычна не заўважыўшы) гэтую тонкую лінію фронту, якая складалася з асобных апорных пунктаў».
Паміж некаторымі апорнымі пунктамі адлегласць была ў кіламетр. «Таму, нават не прарываючы,
праціўнік адразу адправіў у тыл свае ўзмоцненыя разведвальна-дыверсійныя мабільныя групы, якія пайшлі граміць тылавыя блок-пасты, перахопліваць трасы, знішчаць тылавыя абʼекты, калоны і наводзіць паніку», — апісвае безнадзейнасць сітуацыі расіян Гіркін.
Ён кажа, што ўкраінцы «граматна не сталі штурмаваць Балаклею», у адрозненне ад расійскіх генералаў, «якія з упартасцю, у лоб, штурмавалі Севераданецк і Лісічанск, паклаўшы велізарную колькасць салдат і афіцэраў — самых баяздольных». Украінскія ж войскі пайшлі далей, «развіваючы свой поспех, проста абмежаваўшыся блакаваннем».
З-за гэтага расіянам, паводле Гіркіна, удалося вывесці вялікую частку гарнізона.
На астатніх франтах, кажа ён, атрымалася падобнае. Расійскія войскі адыходзілі ад Балаклеі ў бок Ізюма, «прарваўшыся з фактычна поўнага акружэння», а на Купянскім кірунку «не было наогул нічога, акрамя маленькіх гарнізонаў у пасёлках гарадскога тыпу, нейкіх блокпастоў, якія ўжо былі часткова разгромленыя ўзмоцненымі падраздзяленнямі спецназа праціўніка».
«У выніку ў Купянск праціўнік да канца другіх сутак аперацыі проста заехаў». «І, дзякуй богу, хапіла розуму не чапляцца за Купянск, адступіць, проста, зноў жа, папалі б там у акружэнне», — мяркуе Гіркін.
Ён кажа, што ўкраінцы, прасоўваючыся ў бок Ізюма, да канца другіх сутак аперацыі па шэрагу кірункаў стварылі «рэальную пагрозу поўнага акружэння» паўднёва-ізюмскай расійскай групоўкі, то-бок першай гвардзейскай танкавай арміі.
«Шчыра кажучы, я быў амаль упэўнены, што праціўнік акружыць яе, тады гэтае аператыўна-тактычнае паражэнне перарасло б у стратэгічнае», — кажа Гіркін.
Чаму праціўнік не развіў наступ далей, чаму з ходу не захапіў Ізюм, Гіркін не разумее. «Цалкам верагодна, што гэта памылка ўкраінскага камандавання, па меншай меры, я не думаю, што меў месца «дагаварняк». Хутчэй за ўсё, мела месца менавіта памылка ўкраінскага камандавання, якое не туды накіравала свае асноўныя сілы, занадта распылілася».
Палкоўнік Ігар Гіркін (Стралкоў). Скрыншот з відэа
«Наша першая танкавая армія здолела выйсці з акружэння без бою, не прарываючыся, дзякуючы памылкам праціўніка.
Таму заява на салаўёўскім шоу спадара Шахназарава, што, аказваецца, Залужны — геніяльны палкаводзец, і вось гэтым тлумачыцца наша паражэнне на ізюмска-балаклейскім участку — гэта проста лухта. Любы таленавіты палкаводзец у такіх ідэальных умовах, з такой перавагай, я думаю, вырашыў бы галоўную стратэгічную задачу, якой заўсёды з'яўляецца не захоп тэрыторыі, а разгром баяздольных частак і падраздзяленняў праціўніка. А ў гэтым выпадку ён мог бы разграміць цэлае элітнае падраздзяленне праціўніка. Але не змог гэтага зрабіць», — кажа Гіркін.
Ён упэўнены, што ў паражэнні расіян вінаваты не талент Залужнага, а Міністэрства абароны і Генеральны штаб РФ. «Я асабіста ўпэўнены, што на 99% (калі не на ўсе 100), віна за гэтае паражэнне ляжыць на нашым Генеральным штабе і на тых военачальніках, якіх Генеральны штаб прызначыў і якімі ён кіруе», — кажа Гіркін.
Толькі дзякуючы памылкам украінцаў, лічыць ён, расіянам удалася так званая «паспяховая перагрупоўка сіл», як яны назвалі сваё адступленне.
«Паспяховай яна стала толькі таму, што праціўнік здзейсніў памылкі. Толькі таму ўдалося асноўныя сілы першай гвардзейскай танкавай арміі вывесці з ужо сфарміраванага акружэння», — перакананы ён.