Прызначылі гранатамётчыкам. Жонка мабілізаванага распавяла, што яе мужа адпраўляюць на фронт пасля аднаго дня навучання і без медкамісіі

Жонка мабілізаванага з Ліпецка Таццяна Дацэнка распавяла «Медыязоне», што яе 45-гадовага мужа Андрэя Козырава «адпраўляюць на лінію фронту з Данбасам» пасля аднаго дня навучання.

25.09.2022 / 21:29

Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР

Таццяна распавяла, што яе муж атрымаў позву а пятай раніцы 22 верасня, у сем гадзін пайшоў у ваенкамат. «У 10:30 недзе сабралі два аўтобусы і павезлі ў Белгародскую вобласць», — дадала яна.

Па словах жанчыны, «вучэнні былі адзін дзень», а сёння яе муж паведаміў, што іх адпраўляюць на лінію фронту. «Іх 1000 чалавек, медкамісіі не было», — дадала яна.

Дацэнка кажа, што яе мужа адправілі ў 237-ы танкавы полк (ваенна-ўліковая спецыяльнасць у яго «радавы»). Паводле яе слоў, яго прызвалі як гранатамётчыка. «Ён тэлефанаваў зноў недзе паўгадзіны таму, стаяць на пляцы, бронекамізэльку і каску выдалі», — дадала яна.

Nashaniva.com