Праўладнага блогера заўважылі ў польскім візавым цэнтры. Спыталі, што ён там рабіў
Брэсцкага праўладнага блогера Аляксея Голікава сёння заўважылі ў візавым цэнтры Польшчы.
26.09.2022 / 15:08
«Па сваіх справах быў у візавым цэнтры, візу не рабіў, — расказаў Аляксей Голікаў «Нашай Ніве». — Гэта мая асабістая справа, чаму я там быў. Там ёсць паслугі па ксеракопіі, страхаванні, напрыклад.
Голікаў у польскім візавым цэнтры. Фота «Белсат»
Польская віза ў мяне ёсць. Вольна езджу туды, калі мне гэта патрабуецца.
Калі казаць шчыра, то я абсалютна не веру ні расійскім, ні польскім, ні беларускім СМІ пра тое, што гавораць у Расіі пра Еўропу ці наадварот. Я езджу і гляджу на свае вочы.
Мая палітычная пазіцыя нязменная. Я з'яўляюся прыхільнікам дзейнай улады, у мяне ёсць дастаткова шмат унутраных прэтэнзій да дзейнай улады, да выканання таго курсу, які яны ўзялі. Курс палітычны я не абмяркоўваю.
Мы відавочна бачым санкцыйны ціск, які не можа не з'яўляцца прыкметай прыгнёту эканомікі дзяржавы для дасягнення пэўных палітычных мэт, напрыклад, змены кіраўніцтва краіны.
Досыць працяглы перыяд у Польшчы не быў. Па беларускім і расійскім тэлебачанні транслюецца інфармацыя пра тое, што Еўропа можа змерзнуць і што хутка не будзе ежы. Я ў найбліжэйшы час хацеў бы асабіста з'ездзіць у Еўропу і пераканацца ў тым, наколькі там пустыя паліцы, як там замярзаюць людзі, паразмаўляць з простымі палякамі і даведацца, што яны пра гэта думаюць».
Аляксей Голікаў — блогер, які нечакана ўсплыў у медыяпрасторы ў 2020 годзе. Ён з Брэста, зарабляе на жыццё здачай нерухомасці ў арэнду і тым, што грымуе нябожчыкаў.
Голікаў актыўна выказваўся ў падтрымку ўлады, пасля чаго «пайшоў на павышэнне». Ён трапіў на інтэрв'ю да Маркава на АНТ, сам рабіў гутаркі з Караевым, Васкрасенскім, Мукавозчыкам, меў аўтарскую рубрыку на тэлеканале СТБ.
Пазней Голікаў пачаў крытыкаваць дзеянні ўлады: негатыўна выказваўся пра БРСМ, заяўляў, што «бэчэбэшнікаў не перамаглі», пратэсныя настроі яшчэ тлеюць. Пасля такога дзяржаўныя беларускія СМІ проста перасталі яго выкарыстоўваць.