Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам Google, Meta і прадстаўнікамі Microsoft

У Нью-Ёрку падчас Генасамблеі ААН дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Google Сундарам Пічай і з віцэ-прэзыдэнтам Каранам Бхація, таксама з прэзідэнтам па глабальных справах кампаніі Meta (Facebook, Instagram, WhatsApp) Нікам Клегам, а таксама кіраўніцтвам праграмы Defending Democracy кампаніі Microsoft.

27.09.2022 / 10:12

Ціханоўская папрасіла тэхкампаніі прысвяціць больш увагі беларускаму рынку і дамовілася працягваць кантакт на рабочым узроўні, расказаў у тэлеграме Франак Вячорка.

У якіх сферах будзе весціся супрацоўніцтва:

— дапамога беларускім медыя. Ужо ёсць паспяховыя кейсы, калі ўдалося разблакаваць старонкі асобных беларускіх журналістаў і арганізацый,

— кансультацыі для беларускіх блогераў. Напрыклад, TikTok гатовы дапамагаць і будзе запрашаць беларусаў на свае мерапрыемствы. Тэхкампаніі гатовыя даваць спецыялістаў і трэнэраў для мэдыя,

— Youtube працягвае блакаваць пакаянныя відэа і рэкламныя акаўнты, з якіх гэтая «рэклама» запускаецца. Ужо заблакаваныя сотні такіх ролікаў,

— верыфікацыя акаўнтаў медыя, журналістаў і грамадскіх актывістаў, якія зазнаюць атакі ботаў і спробы ўзлому,

— лакалізацыя сэрвісаў і падтрымка беларускага кантэнту, 

— Ціханоўская папрасіла Microsoft паспрыяць у пашырэнні беларускай мовы, a Google — дазволіць рэкламу беларускамоўных відэаролікаў,

— доступ да карыстання воблачнымі сэрвісамі для журналістаў і НДА, а таксама праграмнага забеспячэння для абыходу цэнзуры і блакавання,

— падтрымка праекту лічбавай Беларусі і інтэграцыя з глабальнымі сэрвісамі.

Nashaniva.com