Год таму айцішнік Андрэй Зельцэр падчас штурму яго кватэры забіў супрацоўніка КДБ
28 верасня 2021 года на вуліцы Якубоўскага ў Мінску супрацоўнік КДБ, старшы лейтэнант Дзмітрый Федасюк быў застрэлены айцішнікам Андрэем Зельцэрам. Зельцэра застрэлілі ў адказ.
28.09.2022 / 13:20
Імя 31-гадовага айцішніка Андрэя Зельцэра, які застрэліў свайго аднагодку, супрацоўніка КДБ Дзмітрыя з пазыўным «Нірвана», стала вядомае амаль адразу, а Федасюк доўгі час быў невядомы.
Праўладныя каналы даволі хутка апублікавалі відэа штурму кватэры, якое здымалі не толькі сілавікі, але і жонка Зельцэра. Праўда, кадраў, знятых на тэлефон Успенскай, так і не апублікавалі.
Ператрус у Зельцэра быў адным з тысяч такіх акцый падчас масавых рэпрэсій. Аднак гэта быў адзіны выпадак, калі ахвяра сустрэла сілавікоў са зброяй у руках.
Гэтая беспрэцэдэнтная падзея выклікала ў беларусаў буру эмоцый, а таксама шмат пытанняў. Гэта ж пацягнула за сабою сотні крымінальных спраў за каментарыі ў бок сілавікоў. Прысуды па гэтых справах працягваюць выносіць да гэтай пары.
Таксама быў затрыманы журналіст «Камсамольскай праўды» Генадзь Мажэйка — за станоўчы артыкул пра Зельцэра ў дзяцінстве. Тады ж быў заблакаваны сайт kp.by і спыненая дзейнасць беларускай рэдакцыі. Суд над журналістам дагэтуль не адбыўся. Мажэйку ставяць у віну два артыкулы Крымінальнага кодэкса: аб распальванні сацыяльнай варожасці (арт. 130) і аб абразе прадстаўніка ўлады (арт.369 КК), паведамляюць праваабаронцы.
Марыі Успенскай, жонцы Андрэя Зельцэра, прысудзілі прымусовае лячэнне. Яна была вызваленая ад крымінальнай адказнасці «за ўчыненыя ёю ў стане непрытомнасці грамадска небяспечныя дзеянні».
6 кастрычніка 31-гадовага праграміста Андрэя Зельцэра пахавалі на Лясных могілках у мінскім мікрараёне Шабаны. Цела Андрэя прывезлі на могілкі наўпрост з морга, паколькі ўсім рытуальным залам загадалі адмовіцца праводзіць цырымонію развітання.
Дмітрыя Федасюка ўрачыста пахавалі 1 кастрычніка. Лукашэнка пасмяротна ўзнагародзіў яго ордэнам «За асабістую мужнасць».