Пад Гроднам забілі сабаку, які паўгода чакаў гаспадароў на аўтазапраўцы
Амаль паўгода на аўтазапраўцы ў Гродзенскім раёне дварняк Дызель чакаў сваіх гаспадароў, якія, па версіі валанцёраў, ад яго пазбавіліся. Урэшце ім занялася служба па адлове безнаглядных жывёл, піша Блог Гродна.
28.09.2022 / 23:49
Мянушку Дызель адзінокаму дварняку далі неабыякавыя людзі, якія яго кармілі і спрабавалі знайсці яму новае жытло. На аўтазапраўцы пад Гродна сабака з'явіўся ў сакавіку гэтага года. Па якой прычыне, дакладнай інфармацыі няма ні ў каго. Але валанцёры і супрацоўнікі запраўкі лічаць, што сабаку вывезлі і пакінулі тут гаспадары.
Мясцовыя работнікі спрабавалі знайсці Дызелю хоць бы часовае жыллё. Аднойчы сабаку ўзяла пажылая пара, якая жыла ў суседняй вёсцы. Але Дызель зрабіў падкоп і вярнуўся на аўтазапраўку далей чакаць свайго гаспадара.
«Яго палюбілі і мясцовыя, і кліенты. Пастаянна частавалі яго чымсьці смачным. Дызеля нават дзеці кармілі з рук. Гэта быў вельмі добры і ласкавы сабака», — расказваюць валанцёры.
Потым сабаку знайшлі ператрымку ў Гродне, але сабака рашуча адмаўляўся ісці ў машыну.
«Дызеля забілі 14 верасня. Прыехала служба адлову Скідзельскага ЖКГ і стрэліла ў яго забойчую дозу снатворнага. У гэты час сабака ціхенька спаў на сонейку, — гавораць валанцёры. — Цела забралі і пахавалі на мясцовым палігоне».
Валанцёры перакананыя — служба адлову парушыла заканадаўства:
«Мы знайшлі нарматыўныя дакументы, у якіх пазначана, што адстрэл безнаглядных жывёл магчымы толькі ў «выключных выпадках па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў».
Дызель нікому не перашкаджаў, ні на каго не кідаўся. Ён проста чакаў сваіх гаспадароў. А яго забілі на вачах у людзей».
У адказ на гэта валанцёры напісалі заяву ў міліцыю. Яны просяць правесці службовую праверку і даць ацэнку дзеянням службы адлову.