Мінгандлю хоча стварыць гандлёвую сетку з аднымі айчыннымі таварамі
У Беларусі хочуць стварыць гандлёвую сетку «Да дому», у гандлёвых аб'ектах якой будуць рэалізоўвацца выключна айчынныя тавары для дома, ільняны тэкстыль, дэкор, посуд. Яе канцэпцыю прадставіла старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна на сустрэчы з кіраўнікамі найбуйнейшых сталічных гандлёвых цэнтраў. «Прадстаўнікамі гандлёвых цэнтраў была выказаная зацікаўленасць у дадзенай канцэпцыі», — паведамляе прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
29.09.2022 / 22:22
Намесніца міністра Ніна Емяльянава абмеркавала з удзельнікамі нарады пытанні прасоўвання тавараў лёгкай прамысловасці айчыннай вытворчасці, размяшчэння гандлёвых пляцовак і пашырэння асартыменту беларускіх тавараў, а таксама іншыя аспекты дзейнасці.
«У сучасных умовах важна, каб у кожным гандлёвым цэнтры Рэспублікі Беларусь былі прадстаўленыя айчынныя вытворцы. Яны павінны выступаць якарнымі арандатарамі, прыцягваць жыхароў нашай краіны і турыстаў, спрыяць прасоўванню беларускіх тавараў», — падкрэсліла яна.