У санкцыйны спіс ЗША трапіла беларускае прадпрыемства «Светлагорск Хімвалакно»
ЗША ўводзяць новыя санкцыі ў дачыненні да Расіі ў сувязі з правядзеннем «рэферэндумаў» і анексіі ўкраінскіх абласцей. Пад санкцыі сярод іншых трапілі беларускія вайскоўцы і прадпрыемства «Светлагорск Хімвалакно», паведаміла прэс-служба Мінфіна ЗША.
30.09.2022 / 18:27
Тэрыторыя завода «Светлагорск Хімвалакно»
Санкцыі Мінфіна закранаюць 14 прадстаўнікоў расійскага абароннага комплексу, а таксама 278 членаў расійскага парламента. Акрамя гэтага, Дзярждэп уводзіць візавыя абмежаванні ў дачыненні да 910 асоб, у тым ліку беларускага вайсковага кіраўніцтва. Іх імёны пакуль не ўдакладняюцца.
Пад санкцыямі апынуліся 11 прадпрыемстваў і арганізацый, сярод іх кітайская кампанія Sinno Electronics, армянская Taco LLC, а таксама беларускае прадпрыемства «Светлагорск Хімвалакно».
«Светлагорск Хімвалакно» апынулася ў спісе за пастаўкі тэкстыльнай прадукцыі ў Расію. Гэтая прадукцыя выкарыстоўвалася ў расійскай абароннай прамысловасці.
Пад санкцыі трапілі таксама кіраўніца расійскага Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна, віцэ-прэм'ер Аляксандр Новак, члены сем'яў міністра абароны Сяргея Шайгу, кіраўніка Нацгвардыі Віктара Золатава, прэм'ер-міністра Міхаіла Мішусціна, намесніка старшыні Рады Бяспекі Дзмітрыя Мядзведзева.