Лукашэнка зноў запатрабаваў спыніць інфляцыю

Інфляцыя па выніках года складзе 19%. Такі прагноз робіць урад. Па выніках 8 месяцаў яна ўжо склала 13,8%.

06.10.2022 / 11:59

Сёння Лукашэнка праводзіць нараду з эканамічным блокам. Адной з тэм стала інфляцыя, якая за 8 месяцаў гэтага года ўжо склала 13,8%.

Лукашэнка паставіў задачу — «вярнуцца ў наступным годзе да адназначных велічынь інфляцыі 7-8%».

«На такія высокія значэнні інфляцыі Савет Міністраў і Нацыянальны банк павінны былі адказаць жорсткімі мерамі па стрымліванні цэн. Рост цэн нівелюе ўсе нашы намаганні па павышэнні зарплат і пенсій», — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што можна зразумець рост цэн на імпартныя тавары. «Але чаму мы назіраем пастаяннае павышэнне кошту таго, што вырабляем самі з айчыннай сыравіны? Цэны на сыравіну не выраслі. На паліва таксама не выраслі», — здзіўляецца ён.

Віноўнымі ў росце цэн у краіне ён назваў «бяздумнае ўвядзенне санкцый», праз якія «парушыўся звычайны ўклад сусветнага гандлю», а таксама спекулянтаў і пасярэднікаў.

«Пасярэдніцтва быць не павінна! «Таргашы» ўзнімаюць цэны на ўсіх ланцужках», — у каторы раз за 28 год сказаў Лукашэнка.

Nashaniva.com