Ад 4 да 14 гадоў пазбаўлення волі. Вынесены прысуд па справе «БелаПАН»
У Мінскім абласным судзе 6 кастрычніка абвясцілі прысуд па так званай «справе БелаПАН».
06.10.2022 / 14:52
Журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава асудзілі да 14 гадоў турмы,
яго жонку Ірыну Злобіну — да 9 гадоў калоніі,
галоўную рэдактарку і дырэктарку «БелаПАНу» Ірыну Леўшыну — да 4 гадоў калоніі,
былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава — да 6 гадоў калоніі.
Справу вёў суддзя Вячаслаў Тулейка. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Ірына Леўшына
Палітвязняў абвінавачвалі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
ч. 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці) — Аляксандраў, Злобіна;
ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) — Аляксандраў, Злобіна;
ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем) — Аляксандраў, Наважылаў, Леўшына;
ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў) — Аляксандраў, Наважылаў.
Андрэя Аляксандраа і Ірыну Злобіну затрымалі разам 12 студзеня 2021 года. Праз некалькі дзён у афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя «па падазрэнні ў фінансаванні пратэснай дзейнасці». Па яго словах, Аляксандраў і Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і кампенсацыі сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ. Паводле паведамлення МУС, Аляксандраў з 22 жніўня па 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату яму перадаваў фонд BY_help.
30 чэрвеня мінулага года Аляксандраву і Злобінай выставілі новыя абвінавачанні — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). У чым канкрэтна іх абвінавачвалі — невядома.
18 жніўня 2021 году ў межах крымінальнай справы былі затрыманыя Дзмітрый Наважылаў і Ірына Леўшына пасля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце. Іх справу аб'ядналі са справай Аляксандрава і Злобінай.
27 жніўня Следчы камітэт заявіў, што распачаў крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў) у дачыненні да Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай, «а таксама іншых асоб».