Ручнікі — белыя, паясы — чырвоныя. У Гродне адкрылі выставу традыцыйнага народнага тэкстылю

На выставе ў гродзенскім Музеі гісторыі Гарадніцы прадстаўленыя ручнікі, дываны, абрусы і паясы ад канца ХІХ стагоддзя да 80-х гадоў ХХ-га, а таксама і некаторыя прылады для апрацоўкі лёну, піша Hrodna.life.

12.10.2022 / 17:47

Ромбы, зорачкі і дрэва жыцця

Лічыцца, што дэкор і дакладнасць рэльефнай структуры белых ручнікоў з Гродна вылучаюцца сярод іншых падобных вырабаў. Звычайна ўнізе такія ручнікі ўпрыгожвалі вышыўкай — крыжыкам або роўняддзю. Папулярнасцю карысталіся ўзоры з раслінамі і кветкамі.

Пераборныя ручнікі ткалі з вертыкальнай кампазіцыяй малюнка. Самы распаўсюджаны ўзор на іх — «дрэва жыцця».

Тканыя ручнікі

Часта можна сустрэць таксама ўзоры з ромбікаў, кветак і зорачак. Кожны з іх меў сваё значэнне. На вясельным ручніку майстрыхі Алены Шапель з Гродзенскай вобласці вышытыя зорачкі — сімвал дзіцяці. Гэта значыць, што маладой сям’і зычылі дзяцей.

Паласацікі — гэта не кіты, а «дываны» Панямоння

Цяпер слова «паласацікі» часцей кажуць, распавядаючы пра рыб сямейства кітовых. Раней на Гродзеншчыне так называлі тканыя дываны посцілкі з рознакаляровымі або манахромнымі палоскамі. Напэўна, вы бачылі такія пакрывалы на ложках у бабуль і дзядуль у вёсцы. Калі не — паглядзіце на паласацікі ў экспазіцыі выставы.

Тут прадстаўлены саматканы дыван з вёскі Почуйкі Ваўкавыскага раёна. Побач прадстаўлены дыван у зялёных і белых колерах вядомай майстрыхі з Адэльска Гродзенскага раёна Ядвігі Райскай, вытканы ў 1989 годзе.

Тканыя дываны

Панямонне славілася і сваімі тканымі паясамі. Іх, у адрозненне ад ручнікоў, традыцыйна рабілі чырвонымі. На выставе можна ўбачыць паясы пачатку ХХ стагоддзя з Навагрудскага раёна.

Тканыя паясы

Наведаць выставу «Традыцыйны народны тэкстыль Гродзеншчыны» можна штодня, з 10 да 18, па адрасе вул. Ажэшкі 37. Кошт квітка 2 рублі, з экскурсіяй — 8 рублёў.

Nashaniva.com