Ля берагоў Партугаліі выявілі самую цяжкую касцявую рыбу ў свеце. Яна важыць амаль тры тоны

Ля берагоў Азорскіх астравоў вылавілі тушу загінулай рыбы-месяца вагой 2744 кілаграма — гэта абсалютны рэкорд для касцявых рыб. Яе вышыня — 3,5 метра, а даўжыня — 3,6. Пра гэта піша Live Science.

17.10.2022 / 22:59

Марскія біёлагі ўзважылі рыбу-месяц з дапамогай лябёдкі і прамысловых вагаў, а затым разрэзалі, узяўшы ўзоры ДНК і змесціва страўніка.

Папярэдні рэкорд належаў рыбе-месяцу вагой 2300 кілаграмаў, якую ў 1996 годзе вылавілі ля берагоў Японіі.

Увогуле гэтыя рыбы — самыя цяжкія з сучасных касцявых. Звычайна яны важаць каля двух тон.

Рыба-месяц жыве ў трапічных і ўмераных водах усіх акіянаў. Іх дакладная колькасць невядомая. Увесну і ўлетку папуляцыя на паўночным захадзе Атлантыкі ацэньваецца ў 18 тысяч асобін.

Nashaniva.com