Лукашэнка сёння заявіў, што ўжо размовы аб татальнай замарозцы цэн не ідзе
На нарадзе ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што размовы пра замарозку цэн зараз не ідзе.
20.10.2022 / 11:29
Фота: БелТА
«Учора я папярэдзіў першага віцэ-прэм'ера (Мікалая Снапкова), які галавой за гэта адказвае. Усім была пастаўлена задача па выпрацоўцы мер кантролю і рэгулявання цэн. Я хачу, каб вы гэта пачулі. Мы павінны выпрацаваць меры кантролю за цэнаўтварэннем. Што тычыцца замарозкі цэн, гаворка ішла да 20 кастрычніка або да таго часу, пакуль не ўступіць у сілу пастанова ўрада.
Яшчэ раз паўтараю: ніякай гаворкі пра татальную, назаўжды замарозку цэн не ішло. Калі хтосьці гэта не пачуў. Гаворка ішла пра тое, што назапасілі вось столькі «тлушчу», і вы мяне не пераканаеце, што яго няма. Гэта тычыцца ўсіх: і бізнэсменаў, прадпрымальнікаў і кіраўнікоў дзяржаўнай формы», — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, што 6 кастрычніка Лукашэнка заяўляў наступнае: «З 6 кастрычніка забараняецца ўсялякі рост цэн. Забараняецца! З сённяшняга дня. <…> Далей павышаць цэны нідзе нельга. Няма неабходнасці».
Тым часам у краіне заведзеныя дзясяткі крымінальных спраў, людзям пагражае да 6 гадоў турмы.