Як часта трэба мыць вопратку ў халодны сезон? Тлумачым

Мы рэгулярна адпраўляем у пральную машыну швэдры, штаны і кашулі. А што з курткамі, пальчаткамі і шапкамі?

30.10.2022 / 09:55

Фота: commons.wikimedia.org

Калі наступны раз будзеце надзяваць сваю шапку ці пухавік, падумайце пра тое, да колькіх брудных рэчаў дакраналася ваша адзенне: да сядзенняў у грамадскім транспарце, дзвярэй у гандлёвых цэнтрах і шматлікіх іншых аб’ектаў, якімі карыстаюцца дзясяткі ці сотні людзей. Але ж мы ўсё роўна не мыем вопратку часта, як ніжняе адзенне, піша Huffpost.

Калі вас гэта турбуе, у дактароў ёсць для вас добрыя навіны. Заразіцца чымсьці праз тое, што ваш пухавік даўно не быў у пральнай машыне, насамрэч можна, але імавернасць гэтага вельмі нізкая. Гэта датычыць і адзення, што ляжыць у шафе. Калі на ім і ёсць бактэрыі, яны пражывуць не больш за некалькі тыдняў, вірус кавіду ўвогуле вытрымае не больш за дзень.

Больш шансаў у такім выпадку сутыкнуцца з алергенамі накшталт пылавых кляшчоў ці поўсці хатніх жывёл. Калі вы трымаеце рэчы ў месцы з высокай вільготнасцю, на іх можа з’явіцца і цвіль. Вось чаму ў міжсезонне зімовую вопратку нельга засоўваць у пакеты сырой.

Сутыкненне з алергенамі можа мець такія сімптомы: чханне, насмарк, слезацячэнне і сверб у вачах. Таксама алергены рознага тыпу могуць узмацніць праявы астмы ці пагоршыць стан чалавека з экзэмай. Каб не пацярпець ад гэтага, эксперты раяць мыць вопратку ў гарачай вадзе і высушваць яе ў сушылцы.

Што будзе, калі не мыць вопраткі?

У грамадскіх месцах на адзенне трапляюць самыя розныя вірусы і бактэрыі. Калі вы дакранецеся рукамі да адзення з гэтымі бактэрыямі, а потым, калі ўзбуджальнік ужо будзе на руках, дакранецеся рукамі да рота — гэткім чынам інфекцыя і трапіць у арганізм. Або, калі размова пра рэспіраторную інфекцыю, узбуджальнік апынецца ў арганізме праз вочы ці рот. Але навукоўцы супакойваюць: у асноўным такія хваробы перадаюцца праз паветра, а не праз прадметы.

Усё гэта не азначае, што можна ніколі не мыць паліто, шалікі і шапкі. Асаблівай увагі патрабуюць пальчаткі: мы ў іх бяромся за клямкі, націскаем на кнопкі ліфтаў, трымаемся за поручні — таму на іх апынаецца шмат патагенаў. Таму будзьце пільныя, каб у пальчатках не церці вачэй, не дакранацца да твару. 

Што да правілаў мыцця, эксперты раяць выконваць рэкамендацыі вытворцы і мыць адзенне на самай высокай тэмпературы, на якой гэта дазволена ў рэкамендацыях. Пасля можаце пакласці адзенне ў сушылку на тым тэмпературным рэжыме, які раіць вытворца: разам з мыццём гэтага хопіць, каб вырашыць пытанне з мікробамі. Нарэшце, падумайце пра тое, каб насіць маску для твару, бо гэта не толькі абароніць вас ад патагенаў, але і проста дапаможа захаваць цяпло.

Чытайце таксама:

Хочаце захоўваць яблыкі дома? Вось як гэта рабіць, каб яны не згнілі

Што трэба рабіць, каб не заразіцца грыпам у перыяд уздыму захворвання на ВРІ

Што рабіць з сухім лісцем перад зімой?

Nashaniva.com