Выпусцілі дырэктара «Суседзяў» і іншых затрыманых топ-менеджараў гандлёвай сеткі
Як стала вядома «Нашай Ніве», на волі топ-менеджары гандлёвай сеткі «Суседзі», у тым ліку адзін з галоўных бенефіцыяраў Вадзім Аванесаў. У якім статусе іх выпусцілі — невядома.
29.10.2022 / 13:16
Пра пагром «Суседзяў» стала вядома 22 кастрычніка. Пазней Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што службовых асоб затрымалі, бо яны дапусцілі рост цэн, нібыта ведаючы пра забарону гэтага.
Дэпартамент фінансавых расследаванняў завёў крымінальную справу супраць дырэктара кіруючай арганізацыі па ч. 2 арт. 425 (бяздзеянне службовай асобы).
Генпракуратура пісала, што дырэктар арганізацыі ведаў пра патрабаванні дырэктывы аб недапушчэнні павышэння цэн, але не прыняў належных і своечасовых мер па недапушчэнні іх росту. Гэта прывяло да пераацэнкі цэн тавараў у 100 крамах сеткі і росту рознічных цэн на не менш як 65 асартыментных пазіцый.
«Павышэннем цэн сетка крам «Суседзі» зрабіла істотную шкоду правам і законным інтарэсам не менш як тысячы грамадзян, якія набылі гэтыя тавары па завышаным кошце, а таксама дзяржаўным і грамадскім інтарэсам», — гаварылася ў паведамленні Генпракуратуры.