Пяць фактаў пра гурт Tor Band, удзельнікаў якога затрымалі ў Рагачове з сем'ямі
Гурт Tor Band іграў хіты аб барацьбе беларусаў за свабоду, а іх трэкі — сумесь панк-рока з альтэрнатыўнай музыкай. Яны сталі сапраўднымі «народнымі» артыстамі Беларусі.
29.10.2022 / 14:33
Зміцер Галавач і Яўген Бурло. Фота: Onliner
Tor Band — вядомы беларускі гурт, які пазіцыянуе сябе ў слогане «Граем сумленнае музло!».
Удзельнікі — фатограф і гукарэжысёр з рагачоўскага Дома культуры — Зміцер Галавач і Яўген Бурло.
Змітру 40 гадоў. Ён аўтар песень, вакаліст. Вучыўся ў Магілёве, а пасля з’ехаў у Маскву. Там ён пражыў 12 гадоў і вярнуўся ў Рагачоў.
Яўгену 32 гады, ён барабаншчык. Мужчына граў у гурце і працягваў працаваць у рагачоўскім Доме культуры.
У гурце таксама граў бас-гітарыст Павел Дземянцей. А прэс-сакратаркай Tor Band была жонка Змітра Галавача Юлія.
Фота: slova.by
У 2020-м іх песня «Мы не народзец!» стала хітом. Кліп сабраў мільён праглядаў на YouTube. Столькі ж набралі песні «Жыве», «Кто, если не ты?!»
Аўтарытэтны музычны крытык Арцём Троіцкі называў песні Tor Band самай яскравай з'явай у беларускай музыцы 2020-га.
«Я прынёс песню ў красавіку — тады яшчэ не было ніякіх пратэстаў, нікога не закрывалі, усё было добра і роўна, — казаў Зміцер у інтэрв’ю Onliner у 2020-м. — Па сутнасці, мы не маглі планаваць такую рэакцыю, таму што песня першапачаткова не планавалася як пратэставая. Людзі нам пішуць: «Класны пратэставы трэк!» Але ён патрыятычны, а не пратэставы. Гэта песня пра тое, што насамрэч думаюць пра сябе людзі. Фразы пра «народ» выклікалі абурэнне і ў мяне, і ў велізарнай колькасці людзей. Гэта вельмі моцна ўдарыла па самалюбстве беларускага народа».
Сёння стала вядома, што ўдзельнікаў гурта Tor Band затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове разам з жонкамі музыкаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманыя знаходзяцца ў жлобінскім ІЧУ — ім прызначылі па 15 сутак арышту.
У Беларусі працягваюцца масавыя рэпрэсіі, якіх ніводная краіна Еўропы не бачыла за апошнія 50 гадоў. Кіраўніцтва Следчага камітэта паведамляла пра 11 тысяч крымінальных спраў па «экстрэмісцкіх артыкулах» — гэта лукашэнкаўскі эўфемізм для палітычных спраў. Гэта азначае, што іх фігурантамі сталі дзясяткі тысяч людзей.
Яшчэ дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз затрыманні, былі звольненыя з працы. Многія былі вымушаныя пакінуць краіну.