Інфаказачка Бондарава паступіла ў БДПУ. Здагадайцеся, на якую спецыяльнасць
Імя Вольгі Бондаравай «Наша Ніва» пабачыла ў спісах першакурснікаў на сайце ўніверсітэта.
31.10.2022 / 20:00
Фота: скрыншот з ютуб-канала Вольгі Бондаравай
Руская шавіністка з Гродна Вольга Бондарава, якую выкарыстоўваюць у сваіх мэтах лукашысты, сёлета паступіла ў Педагагічны ўніверсітэт у Мінску.
Вучыцца яна за кошт рэспубліканскага бюджэту на дзённым аддзяленні філалагічнага факультэта, спецыяльнасць — «Беларуская мова і літаратура».
Спіс групы, у якой вучыцца Вольга Бондарава. Фота: скрын з сайта БДПУ
У ролі студэнткі Бондарава паспела засвяціцца падчас форуму «Беларусь адзіная», які быў арганізаваны ўладамі да «Дня народнага адзінства», на ім гаварылі пра Курапаты.
Падчас форуму студэнтка Вольга Бондарава «дыскутавала» з Вадзімам Гігіным і Ігарам Марзалюком. Яна казала, што «нельга змешваць рэпрэсіі дзяржавы па судзе з гітлераўскім генацыдам пагалоўна ўсяго народа».
«Наша Ніва» патэлефанавала Вользе Бондаравай, каб даведацца, чаму яна вырашыла атрымаць адукацыю педагога і чаму абрала менавіта беларускую мову і літаратуру. Размаўляць Бондарава не стала, паклала слухаўку.