«Любыя праявы пачуццяў спыняюцца». Журналістка Дар'я Чульцова, якая выйшла на свабоду, — пра тое, як жывуць і кахаюць у калоніі
Журналістка «Белсата» Дар’я Чульцова, якую разам з Кацярынай Андрэевай затрымалі 15 лістапада 2020 года на плошчы Перамен у Мінску, пасля выхаду на волю дала інтэрв'ю YouTube-каналу Максіма Паршуты «Максимально», дзе падзялілася ўспамінамі пра тое, як адзначала дзень нараджэння ў калоніі, не трапіла на працу на мясцовую кінастудыю і не паддалася патрабаванням напісаць прашэнне аб памілаванні. Найбольш цікавае з гэтага інтэрв'ю сабрала «Зеркало».
01.11.2022 / 20:42
Скрыншот з відэа
Пра першы допыт
«Мне здаецца, я зразумела, што адсяджу, яшчэ 9 жніўня, калі выйшла з кватэры, каб пайсці на ўчастак і паздымаць што-небудзь», — расказала Дар’я.
Каля дзвярэй кватэры журналістку чакалі два чалавекі ў цывільным, якія адвезлі яе ў РУУС:
«І 12 гадзін запар тры следчыя, якія змянялі адзін аднаго, спрабавалі залезці да мяне ў галаву і прамыць мне мазгі».
Адпусцілі дзяўчыну толькі а другой гадзіне ночы:
«Дома я закрыла ўсе замкі, пабегла ў душ і спрабавала змыць з сябе гэта ўсё. У мяне было адчуванне, што мяне проста згвалтавалі… А праз два дні я зноў пайшла на працу».
Пра тое самае фота з суда
Чульцова расказала, як атрымалася тое самае «кананічнае» фота з суда, дзе яна і Кацярына Андрэева ўсміхаюцца ў камеры, нібы падбадзёрваючы тых, хто застаўся на волі. Паводле яе словаў, гэта была не ўсмешка, а смех, прычым шчыры:
«Мы ведалі, што так і будзе, і смяяліся з пракуроркі і з суддзі, быццам мы іх раскусілі: «Мы ведалі, што вы так зробіце, але нам пляваць».
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова на судзе
Пра прашэнне аб памілаванні і тэрміны палітвязняў
У калоніі на Дар’ю ціснулі, каб яна падпісала прашэнне аб памілаванні. У нейкі момант у яе ледзь не здалі нервы, але ўрэшце гэта прайшло і патрабаванням сілавікоў дзяўчына не падпарадкавалася.
«Я казала кожны дзень усім, хто мяне выклікаў: «Я не магу прызнацца ў тым, чаго я не рабіла. Я не магу прасіць чалавека, які мяне пасадзіў, мяне адпусціць». Проста рука б не паднялася, а калі б паднялася, левая яе б схапіла».
Пры гэтым журналістка патлумачыла, што не асуджае людзей, якія ўсё ж падпісалі прашэнне:
«Гэта выбар кожнага. У кожнага свае прычыны напісаць [прашэнне] на памілаванне».
На думку Дар'і, асуджаныя, якія атрымалі вялікія тэрміны, такія як Віктар Бабарыка (асуджаны на 14 гадоў узмоцненага рэжыму) і зняволеныя па «справе Аўтуховіча», не адбудуць іх цалкам, «таму што і за год усё можа памяняцца, а за 10 гадоў і пагатоў».
Звязана гэта, лічыць яна, з ходам вайны ва Украіне:
«Калі Украіна выйграе, гэта ўсё пераверне».
Пра святы ў зняволенні
Першы свой дзень народзінаў за кратамі Чульцова правяла ў СІЗА на Валадарцы. У камеры на шэсць чалавек яна жыла яшчэ з трыма «палітычнымі» сукамерніцамі: яны змайстравалі ёй у падарунак самаробную газету з выразкай фота яе і Андрэевай з «Новага часу» (незадоўга да гэтага якраз прайшлі суды) і зрабілі торт:
«А ў наступны дзень народзінаў у калоніі я працавала, хоць была нядзеля».
На Новы год у калоніі можна было класціся пазней — у гадзіну ці ў дзве ночы, расказвае Чульцова: зняволеныя нават гатавалі, накрывалі сабе сталы, рабілі напоі з гарбаты каркадэ і ладзілі танцы з музыкай:
«Гэта нейкі рытуал: калі ты сядзіш у калоніі, гэта не значыць, што жыццё спынілася».
Пра тэлестудыю і фабрыку
У калоніі ёсць свая тэлестудыя пад назвай «Вектар», дзе асуджаныя самі здымаюць сюжэты. Дар’ю, аднак, адміністрацыя туды не пускала, таму што яна стаяла на прафуліку як схільная да экстрэмізму:
«Яны баяліся, напэўна, што калі я атрымаю доступ да гэтага, то рэвалюцыю зладжу!»
Пасада на тэлестудыі, па словах журналісткі, лічылася прэстыжнай, таму што пазбаўляла ад працы на фабрыцы, якой імкнуліся пазбегнуць усе зняволеныя:
«Ты ходзіш туды і шыеш, не разумеючы, што ты шыеш. Пастаянны крык, шум, хтосьці нечага пастаянна ад цябе патрабуе… На гэтай вытворчасці цяжка эмацыйна і фізічна», — прызнаецца Дар’я, дадаўшы, што «яны не ўспрымаюць цябе як чалавека — проста бачаць у табе раба, які павінен працаваць».
Пра побыт у калоніі
Цяжка даводзілася без звыклых сродкаў догляду: даводзілася купляць тое, што было ў краме ў калоніі — у асноўным беларускую касметыку.
Па словах Дар'і, «людзям, у якіх ёсць перадачы, з гэтым прасцей», аднак па факце ў калонію прапускаюць толькі шампунь, бальзам для валасоў і крэм, які даводзіцца расходаваць на ўсе часткі цела. Пры гэтым у СІЗА і ў калоніі можна было напісаць заяву на гуманітарку, куды ўваходзяць паста, шчоткі, пракладкі і мыла.
У калоніі нават ёсць цырульня — там працуе асуджаная, да якой можна запісацца бясплатна, а вось манікюр даводзілася рабіць самастойна.
Абутак і адзенне ў калонію «з волі» можна перадаваць толькі чорнага колеру. Раней, успамінае Дар’я, зняволеным дазвалялася насіць, напрыклад, рознакаляровыя шкарпэткі і дажджавікі, але потым забаранілі і іх:
«А калі бачыш кожны дзень чорнае, дэпрэсія табе забяспечаная».
Пра пачатак вайны ва Украіне
Дар’я расказала, як для яе пачалася вайна ва Украіне 24 лютага:
«Спачатку ты ў гэта не верыш, не разумееш, што адбываецца, — і вось вы ўсе пачынаеце ў гэтым варыцца».
Паводле ўспамінаў Дар'і, пасля пачатку вайны над калоніяй нізка і вельмі часта лёталі грузавыя вайсковыя верталёты — іншых самалётаў пасля перакрыцця неба відаць не было.
Калонія знаходзіцца на ўскраіне Гомеля, недалёка ад мяжы з Украінай, і падчас гулу самалётаў зняволеныя разумелі, «што туды дастаўляюць і хто дастаўляе»:
«Першы раз, калі я прачнулася ноччу [ад шуму], я падумала, што ляціць ракета [проста ў калонію], і ўжо развіталася з жыццём. Гэта было страшна».
Пра даносы на асабістае жыццё
Любоўныя сувязі ў зняволенні здараюцца, расказвае Дар’я, таму што «ў калоніі вялікая колькасць дзяўчат, і не ўсе з гэтых дзяўчат гетэрасэксуальныя».
Аднак любыя праявы пачуццяў тут жа становяцца вядомымі і імгненна спыняюцца:
«Даносы», — тлумачыць журналістка, дадаўшы, што «нехта адразу пабяжыць да опера і ўсё раскажа».
Пра вулічныя маршы ў 2020 годзе»
«Столькі людзей на вуліцы, калі ты выходзіш на праспект і не бачыш канца і краю гэтай плыні, — такія пачуцці перапаўнялі! Я памятаю: стаіш з камерай і забываеш здымаць, таму што глядзіш на гэтых людзей, усе гэтыя цудоўныя твары, і ўсе яны ідуць, усміхаюцца і адчуваюць нейкае яднанне паміж сабой. І ў гэты момант ты адчуваеш: вы адзін народ, адна краіна — і гэта было выдатна».